Вялебны Вісарыён, цудатворца

Вялебны Вісарыён паходзіў з Ягіпту, у маладосьці прыняў Хрост, вёў суворы спосаб жыцьця, каб захаваць ласку, атрыманую ў Хросьце. Хочучы бліжэй спазнаць манаскае жыцьцё, наведаў у Палестыне ў пустэлі над Ярданам сьв. Герасіма (памяць 4 сакавіка). Вярнуўшыся ў Ягіпет, прыняў пострыг і стаўся вучнем сьвятога Ісідара Пілусіёцкага (памяць 4 лютага). Сьвяты Вісарыён абраў для сябе асаблівую дарогу да сьвятасьці, якая выражалася ў маўчаньні, вельмі строгім посьце і нястомнай малітве. Вызначаўся ён таксама незвычайнай пакорай. Аднойчы, калі сьвятар загадаў аднаму з братоў, які зграшыў, выйсьці з храму, Вісарыён выйшаў таксама са словамі: “Я таксама грэшны”. Атрымаў ад Бога дар чыніць цуды: перамяняў горкую марскую ваду ў салодкую, хадзіў па вадзе, як па сушы, адным словам выганяў злых духаў. Адышоў да Госпада ў глыбокай старасьці напрыканцы V стаг.

Вялебны Іларыён Новы, ігумен Далмацкі, вызнаўца

Сьвяты Іларыён нарадзіўся ў 776 годзе ў Пятра з Кападокіі і Тэадосіі – пабожных бацькоў, вядомых пры двары цэзара Льва ІV Хазара. У 20-гадовым узросьце паводле словаў Евангельля, пакінуў бацьку, маці, дом і паступіў у манастыр у Бізантыі. Пазьней перайшоў у манастыр Далматаў (гл. 30 траўня), прыняў Схіму і сьвятарскія сьвячаньні. Пасьля сьмерці ігумена яго прызначылі ягоным наступнікам. 8 гадоў ён кіраваў статкам Хрыстовым. Калі ж цэзарскі пасад заняў Леў V Армянін, іконаборца, сьв. Іларыён за вернасьць праўдзівай веры быў высланы ў іншы манастыр, шматразова катаваны. Пасьля пры цэзары Міхале І (820-829) сьв. Іларыёна вяртаюць з выгнаньня, а калі цэзарам стае Тэафіл (829-842), іконаборца, разам з іншымі вызнаўцамі ён зноў апынуўся на выгнаньні. Толькі па сьмерці Тэафіла, царыца Тэадора ў 842 годзе вяртае ўсіх з выгнаньня, умацоўвае праўдзівую веру, вяртаючы шанаваньне іконаў. Сьв. Іларыён вяртаецца ў свой манастыр і праз тры гады, поўны цнотаў, памірае ў 845(6) годзе.