Мучанікі Лукіліян і інш.

Сьвяты Лукіліян панёс мучаніцкую сьмерць у часы цэзара Аўрэлія (270-275). Гэта быў вельмі шаноўны старац, былы паганскі сьвятар, які жыў недалёка ад Нікамедыі. Яго схапілі за веру ў Хрыста і паставілі на суд перад прэфэктам. Ён не захацеў адрачыся Хрыста і вярнуцца да сваёй ранейшай рэлігіі, за што яго бічавалі і павесілі ўніз галавой. Пасьля мучаніка кінулі ў вязьніцу, дзе ён сустрэў чатырох хлопцаў – Іпація, Клаўдзія, Паўла і Дзяніса, затрыманых з тае ж прычыны. За мужнае вызнаньне сваёй веры яны былі кінутыя разам у палаючы вагонь, адкуль выйшлі без аніякай шкоды, бо дождж цудоўным спосабам яго загасіў. Пасьля гэтага прэфэкт загадаў іх забіць: хлопцы былі забіты мячом, Лукіліян укрыжаваны.