Сьвяты Нічыпар, патрыярх Канстантынопальскі, вызнаўца

Сьвяты Нічыпар паходзіў са знакамітага роду, атрымаў выдатнае выхаваньне, быў сакратаром пры двары царыцы Ірыны, удзельнічаў у VII Сусьветным Саборы, другім у Нікеі (787). Адмовіўшыся ад мітусьні цэзарскага двору і сьвецкага жыцьця, сьв. Нічыпар пачаў весьці аскетычнае жыцьцё на беразе Басфору аж да 806 году, калі ён быў выбраны патрыярхам Канстантынопальскім (806-815). Ён мудра кіраваў Царквой і адважна абараняў праўдзівую веру. Аднак у 813 годзе цэзарам стаў Леў Армянін (813-820), праціўнік шанаваньня іконаў, які пазбавіў сьв. Нічыпара пасаду і выслаў на выгнаньне, дзе ён 2 чэрвеня 829 году памёр.