+ 3-я знаходка пачэснай галавы сьв. Яна Прадвесьніка

Сьвятая Галава сьв. Яна Прадвесьніка была першы раз знойдзена ў доме Ірада двума манахамі-пілігрымамі. Ім дапамог у гэтым сам сьв. Ян, зьвіўшыся ім і ўказаўшы месца. Але яны зьлегкаважылі тым дарам, які атрымалі. Вяртаючыся з Ерусаліму на радзіму, яны далі несьці гэты скарб аднаму ганчару, якога сустрэлі па дарозе. Ён жа, навучаны самім Янам Прадвесьнікам, ушанаваў каштоўнасьць і атачаў асаблівай пашанай сьвятую Рэліквію. Перад сьмерцю зьмясьціў Галаву ў збан для вады і даручыў сваёй сястры, просячы каб яна не адкрывала збану, асьцярожна з ім паводзілася і аддавала пашану. Пасьля яе сьмерці Галава перахоўвалася ў многіх пабожных хрысьціянаў. Нарэшце яна апынулася ў аднаго ераманаха, які падтрымліваў арыянізм. Ён жыў у пячоры, цуды, якія адбываліся праз пасрэдніцтва сьвятой Рэліквіі, прыпісваў сваёй гэрэзіі, тым самым шмат людзей увёў у зман. Калі ж падман раскрыўся, людзі выгналі яго з пячоры, але паводле Провіду Божага Галава засталася. З часам там пасяліліся манахі, але ня ведалі, якой каштоўнасьцю валодаюць. Праз некаторы час там зьявіўся вялікі манастыр. У часы Валентыніяна і Марцыяна (450-457) архімандрыт гэтага манастыра Марцэлій некалькі разоў бачыў у сьне сьвятых і сьвятога Яна Прадвесьніка, які ўказваў яму месца, дзе пахаваная Галава. Архімандрыт з пабожнасьцю капаў і знайшоў збан з Галавой Яна Хрысьціцеля. Гэта было другое знаходжаньне Сьвятой Галавы сьв. Яна Прадвесьніка. Пра гэта паведамілі біскупа Эмезы, які з урачыстай працэсіяй перанёс Рэліквію ў сьвятыню ў Эмезе. І зноў яна праславілася цудамі і аздараўленьнямі. Адтуль у часы нападаў Сарацынаў (арабаў) была перанесена (каля 810-820) у Команы і там заставалася захаванай у зямлі, пакуль трывала іконаборства. Калі ж мінула гэтая гэрэзія, патрыярх Ігнат (847-857) у часе малітвы атрымаў вестку, дзе захоўвацца сьвятая Галава. Тады выправіў туды групу вернікаў, якія каля 850 году ў трэці раз знайшлі Галаву Сьвятога Яна Прадвесьніка і паклалі ў манастыры сьв. Яна (Студыён). У наступных стагоддзях Сьвятая галава была перанесена ў Канстантынопаль.
Сьвяты Ян Прадвесьнік быў заўсёды асабліва шанаваны ва Ўсходняй Царкве.