Вялебная Еўфрасіньня Полацкая, Асьветніца Беларусі

Дакументальных зьвестак пра жыцьцё і дзейнасьць Еўфрасіньні амаль не існуе. Асновай гістарыяграфіі зьяўляецца яе "Жыціе", а іканаграфіі — ікона, што была напісаная да кананізацыі і не захавалася да нашых дзён, а ў крыніцы 19 ст. апісваецца так: "Подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи". Найбольш старажытнай захаванай іканапіснай выявай лічыцца гравюрная копія 16 ст., зробленая з даўняга арыгіналу.
Прадслава паходзіла з княскай сям'і і была старэйшай дачкой Сьвятаслава Ўсяславіча, сына Усяслава Брачыславіча. Паводле ўскосных зьвестак, маці была адна са старэйшых дачок Уладзіміра Манамаха, і, магчыма, мела імя Соф'я. Паводле некаторых зьвестак яна была ў блізкім сваяцтве з домам Комнінаў. Прадслава атрымала параўнальна добрую для таго часу хатнюю адукацыю. У 12-гадовым узросьце бацька намерыўся выдаць яе замуж. Князёўна, аднак, адмовілася ад шлюбу і ўвогуле ад сьвецкага жыцьця, і патаемна прыняла пострыг у Полацкім манастыры.
Праз пэўны час пасялілася ў кельлі пры полацкім Сафійскім саборы, пачала перапісваць кнігі ў скрыпторыі пры тамтэйшай бібліятэцы.
У сярэдзіне 1120-х гг. Еўфрасіння пачала будову жаночага Спаскага манастыра ў Сяльцы, на месцы старой рэзідэнцыі полацкіх біскупаў. Жыціе кажа, што мясцоваму біскупу Ільлі зьявіўся ў сьне анёл Гасподні і загадаў прыняць Еўфрасіньню і блаславіць яе жыцьцё пры гэтай царкве. Праз нейкі час час яна сталася ігуменьняй Спаскага манастыра і сталі гуртавацца вакол яе дзяўчаты, якіх яна з радасьцю прыймала як сясьцёр.
Пазней ініцыявала будову мужчынскага Багародзіцкага манастыра (збуд. у сяр. 12 ст.; у 1580 ужо не існаваў, або быў у поўным запусьценьні) і царквы Сьвятой Багародзіцы пры ім (1151—1154, асьвячэньне 1157; не захавалася).
Паслала слугу Міхаіла да цара Мануіла I Комніна і патрыярха Лукі Хрысаверга ў Канстантынопаль па ікону сьвятой Эфескай Багародзіцы для Багародзіцкага манастыра. Заказала Лазару Богшу выраб напрастольнага крыжа з рэліквіямі, які пазней стаў вядомы як Крыж Еўфрасіньні Полацкай (1161).
У канцы жыцця выправілася ў паломніцтва ў Ерусалім (1167). Сустракалася з імператарам Мануілам, верагодна, была ў Канстантынопалі, у канцы красавіка дасягнула Іерусаліму[, дзе захварэла і памерла.
Еўфрасіньня была пахаваная ў Тэадосіевым Ерусалімскім манастыры, пасля захопу гораду мусульманамі рака з целам была перанесеная ў Тэадосіеву пячору Кіеўскай лаўры (1187).
Мясцовае царкоўнае шанаваньне ў Полацкай зямлі пачалося ўжо ў канцы 12 ст., калі тут ужо існавала царкоўная служба вялебнай Еўфрасіньні Полацкай, і было складзена агіяграфічнае "Жыціе" (верагодна, да 1187, і ў адным з заснаваных Еўфрасіньняй манастыроў).
У новы час, пасьля хадайніцтваў вернікаў Полацкага павету, спачатку частка мошчаў (1871), а потым і самі мошчы, з выняткам сімвалічнай часткі былі перанесеныя ў Спаса-Еўфрасіньнеўскі манастыр (1910). Тамсама была абвешчана і гаючасьць мошчаў. У час эвакуацыі ў 1 сусьв. вайну мошчы былі перанесены (1915) ў Растоўскі Аўраміеў манастыр. Там, у 1920, труна была ўскрытая, а 13.5.1922 была ўскрытая паўторна, астанкі былі адасланыя на атэістычную выстаўку ў Маскву, а адтуль — у экспазіцыю Віцебскага краязнаўчага музея. У час нямецкай акупацыі вернікі перанесьлі раку ў Сьвята-Пакроўскую царкву, потым (23.10.1943) мошчы былі вернутыя ў Спаса-Еўфрасіньнеўскі манастыр, дзе застаюцца і дагэтуль.
Паводле www.be.vikipedia.org