Мучанік Васіліск

Сьвяты мучанік Васіліск, сваяк вялікамучаніка Тодара Тырона (памяць 17 лютага), нарадзіўся недалёка Амасіі. Пацярпеў мучаніцтва разам з братамі Яўтропіем і Клеанікам (памяць 3 сакавіка) у часы Максіміяна Галерыя (305-311). Яны былі ўкрыжаваныя, а Васіліск увязьнены. Аднак сьвяты Васіліск прасіў у Госпада ласкі мучаніцтва. Ува сьне зьявіўся яму Хрыстос і сказаў, што неўзабаве Госпад выканае ягоную просьбу. Тады мучанік папрасіў стражнікаў дазволіць яму разьвітацца з роднымі. Тыя дазволілі, за што былі пакараныя, а Васіліск забіты мячом і кінуты ў раку.