Вялебны Пахом Вялікі

Сьвяты Пахом, сын копцкага селяніна, нарадзіўся каля 292 году ў Горнім Ягіпце. Ва ўзросьце 20 гадоў прыйшоў у цэзарскае войска. Прыязнае стаўленьне мясцовых хрысьціянаў на жаўнераў цэзара дапамагло яму пасьля заканчэньня службы навярнуцца. Прыняўшы Хрост, сьвяты Пахом стаўся манахам і вучнем пустэльніка Палемона. Абодва вялі вельмі суворы, цалкам пасьвячаны Богу, спосаб жыцьця, спалучаючы фізічную працу з нестомнай малітвай удзень і ўначы. У нейкі момант Пахом адчуў покліч збудаваць манастыр на беразе Нілу. Палемон дапамог яму ў гэтай справе, пасяліўшыся там з ім на кароткі час. Неўзабаве вакол яго ўжо жыло каля сотні манахаў. Так нарадзіўся першы манастыр, і нават першая манаская кангрэгацыя, якая аб’ядноўвала шмат дамоў і некалькі тысячаў манахаў. Сьвяты Пахом лічыцца заснавальнікам супольнага манаства. Памёр ён у 346 годзе.