Мучанік Хрыстафор

Сьвяты пакутнік Хрыстафор жыў у III ст. і памёр каля 250 году, пры імператару Дэкіі (249 - 251). Пра жыцьцё і цуды яго існуе шмат розных паданьняў, памяць пра яго паважаецца і ва Ўсходняй, і ў Заходняй Цэрквах.
Сьвяты Хрыстафор быў чалавекам высокага росту і незвычайнай сілы, твар жа яго было зверападобны. Па паданьню, сьвяты Хрыстафор першапачаткова меў прыгожы выгляд, але, жадаючы ўнікнуць спакус для сябе і іншых, прасіў Бога даць яму пачварны твар, што і споўнілася. Да свайго Хросту ён насіў імя Рэпрэў (нягодны), што было зьвязана зь яго зьнешнасьцю. Яшчэ да хросту Рэпрэў вызнаваў веру ў Хрыста і выкрываў тых, хто перасьледваў хрысьціян. За гэта ён аднойчы быў зьбіты нейкім Вакхам і прыняў зьбіцьцё з пакорай. Неўзабаве пасьля гэтага былі дасланы 200 ваяроў, каб прывесьці яго, вядомага асілка, да імператара Дэкія. Рэпрэў падпарадкаваўся без супраціву. У дарозе адбыліся цуды: сухі кій у руцэ сьвятога заквітнеў, па малітве яго памножыліся хлябы, якіх бракавала ў падарожнікаў, падобна множаньню хлеба Збавіцелем у пустэльні. Ваяры, якія суправаджалі Рэпрэва, былі зьдзіўлены цудамі, паверылі ў Хрыста і разам з Рэпрэвам былі хрышчоныя антыахійскім біскупам Вавілай.
Калі сьвяты Хрыстафор быў прыведзены да імператара, той жахнуўся яго выгляду і вырашыў прымусіць яго зрачыся Хрыста не гвалтам, а хітрасьцю. Ён заклікаў дзьвюх жанчын-блудніц, Калінікію і Акіліну, загадаў ім схіліць Хрыстафора да адрачэньня ад Хрыста і дамагчыся згоды яго прынесьці ахвяру ідалам. Але жанчыны былі самі навернутыя сьвятым Хрыстафорам да веры ў Хрыста і, вярнуўшыся да імператара, абвясьцілі сябе хрысьціянкамі, завошта былі падвергнуты жорсткім катаваньням і сканалі пакутніцамі. Дэкій прысудзіў да пакараньня сьмерцю таксама пасланых за сьвятым Хрыстафорам ваяроў, якія паверылі ў Хрыста. Імператар загадаў кінуць пакутніка ў медную распаленую скрыню. Аднак сьвяты Хрыстафор не адчуваў пакут і застаўся цэлы. Пасьля шматлікіх жорсткіх катаваньняў пакутніку нарэшце адсеклі галаву мячом. Гэта адбылося каля 250 г. у Лікіі. Сваімі цудамі сьвяты пакутнік Хрыстафор навярнуў да Хрыста да 50 тысяч язычнікаў, пра што сьведчыць сьвяты Амуросій. Пасьля рэшткі сьвятога Хрыстафора былі перанесены ў Таледа, а пазьней - у абацтва Сэн-Дэні ў Францыі.