+ Перастаўленьне вялебнага Тэадосія Пячэрскага, пачынальніка супольнага манаскага жыцьця

Вялебны Тэадосій прыйшоў у Пячэрскую лаўру ў Кіеве паслушнікам, праз некаторы час стаў яе ігуменам. Гэты асяродак манаскага жыцьця пад ягоным кіраўніцтвам хутка разьвіўся і павялічыўся. Манахі прынялі Ўстаў сьв. Тодара Студыта (памяць 11 лістапада), а тым самым зрабілі значны ўплыў на разьвіцьцё манаскага жыцьця на Русі. Памёр у 1074 годзе.

Мучанікі Цімафей і Маўра

Сьвяты Цімафей паходзіў з ваколіцаў Фіваіды (Ягіпет), быў сынам хрысьціянскага сьвятара, тлумачыў Сьвятое Пісьмо, перапісваў сьвятыя кнігі і імі апекаваўся. За гэта яго арыштавалі і прымушалі аддаць іх на спаленьне. Калі ж сьвяты адмовіўся, яго аддалі на жахлівыя пакуты. Тым часам намесьнік Фіваіды Арыян даведаўшыся, што Цімафей нядаўна ажаніўся, загадаў прывесьці і ягоную жонку Маўру, спадзеючыся, што яе прысутнасьць пахісьне рашучасьць Цімафея. Ён жа заахвочваў яе насьледаваць яго, і Маўра усклікнула: “Я гатова памерці з табою!”. Пасьля вялікіх пакутаў сьвятых укрыжавалі. Было гэта ў часы Дыяклетыяна (284-305).