Прарок Ерамія

Сьвяты Ерамія – прарок мяжы VII і VI стаг. да Раства Хрыстова, жыў у горадзе Анатот у межах пакаленьня Веніямінавага. Ён быў пакліканы да служэньня ў 626 годзе ў часы кіраваньня Ёсіі, дзейнічаў яшчэ ў першых гадах пасьля разбурэньня Ерусаліму (587-586); значная частка ягонай дзейнасьці зьвязана з Ерусалімам у эпоху рэлігійнай і палітычнай крызы юдэйскага грамадзтва. Ерамія змагаўся з ідалахвальствам і рэлігійным сынкрэтызмам, супраціўляўся палітыцы бунту і дамоваў ( у прыватнасьці з Ягіптам), заклікаючы да поўнага даверу апецы Божай над народам. Ён рашуча аж да мучаніцтва змагаўся з маладушнасьцю апошніх цароў юдэйскіх. Ерамія быў таксама чалавекам багатага ўнутранага жыцьця. Ягонае служэньне вызначалася шматлікімі (часамі дастаткова эксцэнтрычнымі) сімвалічнымі ўчынкамі. Ён ужываў усе магчымыя сродкі, каб паўплываць на народ, у тым ліку праз свайго сакратара Баруха, вёў перапіску з дэпартаванымі ў Бабілён, разьвіў літаратурную дзейнасьць. Дзякуючы яму народ захаваў сваю веру ў выгнаньні і надзею на адраджэньне, якое прарок прадбачаў у бліжэйшай і далейшай будучыні.