+ Сьвяты Кірыла, біскуп Тураўскі

Кірыла Тураўскі (каля 1130 - пасля 1190), пісьменьнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. Зьвестак пра яго жыццё няшмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе» - кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, - гаворыцца ў ёй, - нарадзіўся і выхаваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак жа, Багацьця і тленнай славы гэтага сьвету; але найперш стараўся спасьцігнуць вучэньне боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў сьвятых пісаньнях». Атрымаў добрае хатняе выхаваньне, пазьней спасьціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. К.Т. быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам» (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасьцю аддацца роздуму і малітвам). Там ён не толькі сузіраў сьвет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы.
Каля 1169 князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць біскупства. У першы год свайго служэньня тураўскі біскуп набыў вядомасьць удзелам у т.зв. «справе Феадорца». Нейкі Фёдар з Уладзіміра-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбівыя планы князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай царквы на Русі. К.Т. дасьціпна выкрыў ерась Феадорца і пракляў яго, а да Андрэя Багалюбскага напісаў шмат пасланьняў па гэтай справе, якія, аднак, не захаваліся. На думку дасьледчыка спадчыны Кірылы біскупа Яўгенія, сваімі пасланьнямі да Андрэя Багалюбскага асьветнік імкнуўся па-хрысьціянску паўплываць на князя ўсходняй Русі.
На думку дасьледчыкаў (І.Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай спадчыны К.Т. належаць 8 слоў-казаньняў, 2 прытчы пра душу і цела, альбо пра сьляпога і кульгавага (кароткая і поўная рэдакцыі), 2 казаньні пра манаскі чын і ангельскі вобраз, 2 пасланьні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з найбольшай глыбінёй выявіліся асоба пісьменьніка, яго духоўныя перажываньні. Апошнія творы К.Т. напісаў, верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў ад грамадска-царкоўнай дзейнасьці, жыў у кельлі пры царкве сьв. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасьці. Памёр асьветнік у апошняе дзесяцігоддзе 12 ст. Яго памяць царква шануе 28 красавіка па старому стылю.
Творы К.Т. набылі вялікую папулярнасьць на Русі і распаўсюджваліся ў сьпісах 12-17 ст. Яго малітвы друкаваліся ў Беларусі ў «Евангелии учительном» (Заблудаў, 1569) І.Фёдарава і П.Мсьціслаўца, у «Молитвах повседневных» (Еўе, 1615; Вільня, 1635) і інш. выданьнях. У 1821 К.Калайдовіч выдаў 15 твораў Кірылы ў «Помніках расейскай славеснасці XII ст.». Пазней біскуп менскі і тураўскі Яўгеній выдаў зборнік яго твораў у перакладзе на расейскую мову (Кіеў, 1880). Акадэмічнае выданьне літаратурнай спадчыны беларускага асьветніка ажыцьцявіў І.Яромін у 1956-1958. Ю.Лабынцаў перавыдаў факсімільным спосабам (1992) малітоўныя творы Кірылы з віленскага выданьня «Молитвы повседневные» (1956). Паводле slounik.org

Апосталы Ясон і Сасіпатр

Ясон і Сасіпатр былі вучнямі і сваякамі сьв. Паўла, ён іх пасьвяціў на біскупаў. Яны шмат пацярпелі за Хрыста і ў І стаг. адышлі да Госпада ў глыбокай старасьці. Пра іх згадвае сьв. Павал у лісьце да Рымлянаў (16.21).

Мучанікі Дад, Максім і Кінціліян

Дад, Максім і Квінтыліян шмат пацярпелі за веру Хрыстовую і былі забітыя ў часы цэзара Максіміяна ў 286 годзе.