Сьвяты Марк быў стрыечным братам Барнабы, паходзіў з пакаленьня Левінага. У Дзеях (12.12) распавядаецца, што хрысьціяне зьбіраліся на малітву ў доме ягонай маці. Яго навярнуў на хрысьціянства сьвяты апостал Пётр. Каля 44 году Марк разам з сьв. Паўлам і сьв. Барнаам пайшоў у Антыёхію, адтуль – на Кіпр і ў Памфлію, пасьля вярнуўся ў Ерусалім. Суправаджаў сьв. ап. Пятра аж да Рыму, служачы яму перакладчыкам. Падчас паўторнага ўвязьненьня сьв. ап. Паўла сьв. Марк быў у Азіі (каля 66-67 г.). На просьбу рымскіх хрысьціянаў напісаў па-грэцку сваё Евангельле. Потым выправіўся ў Ягіпет, дзе абвяшчаў Хрыста, заснаваў Царкву ў Александрыі. Каля 67 году памёр мучаніцкай сьмерцю. У 828 годзе ягонае цела было перанесена ў Венецыю. Сімвалам Марка ёсьць леў, другая жывёла з сімвалічных жывёлаў Езэкіэля (1.10).