Сьвятамучанік Януарый і інш.

Сьвяты Януарый нарадзіўся каля 275 году, быў біскупам у Італіі. Падчас перасьледаваньняў хрысьціянаў Дыяклетыянам ён наведваў вязьняў, быў за гэта арыштаваны. Пасьля жорсткіх пакутаў быў забіты 19 верасьня 305 году разам з некалькімі іншымі хрысьціянамі. Спачатку ягоныя мошчы захоўваліся ў катакомах у Неапалі, у ХV стаг. іх перанесьлі ў катэдру Неапаля, дзе пазьней распаўсюдзілася ягонае шанаваньне ў сувязі з “цудам сьвятога Януарыя”. Ягоная кроў (паводле традыцыі яе з месца мучаніцтва зьбіралі ў пасудзінкі), закрытая ў гэрмэтычных ампулках, была ў запеклым стане. Калі ж ампулкі дакраналіся да галавы сьвятога, кроў ператваралася ў жывую. Да гэтага часу дасьледваньні не вызначылі прычыны такогой зьявы.

Мучанік Тодар Пергійскі

Сьвяты Тодар з Пергіі ў Памфліі быў маладым жаўнерам. Ні пагрозы, ні аніякія абяцаньні не змусілі яго скласьці ахвяру паганскім бажкам. Пасьля доўгіх мучэньняў яго разам з іншымі жаўнерамі кінулі ў вагонь, але ён не атрымаў ніякай шкоды. Тады сьвятога ўкрыжавалі, і пасьля трох дзён ён памёр.