Тры віленскія мучанікі: Антоній, Ян, Яўстафій

У Вільні сярод Базылянскіх муроў стаіць славутая Сьвятатраецкая царква. Яна пабудаваная на тым месцы, дзе калісьці ў старажытнасьці была дуброва і дзе ў сярэдзіне ХІV стагоддзя (у 1347 годзе) загінулі пакутніцкай сьмерцю за веру Хрыстову беларусы з дворскай дружыны князя Альгерда, легендарныя сьвятыя Антон, Іван, Яўстах (паганскія імёны, якія яны мелі да хрышчэньня, - Круглец, Няжыла і Кумец). У нішах франтону царквы - іх фрэскі-партрэты з выразам высокай духовай вартасьці гэтых самаахвярных людзей.
У 1374 годзе часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў былі перанесеныя ў вялікі кафедральны сабор Сьвятой Сафіі ў Канстантынопалі, дзе яны вельмі высока шанаваліся. Шанаваньне памяці трох віленскіх пакутнікаў дазваляе сёньняшнім беларусам не забываць пра час і месца росквіту нашай дзяржаўнасьці - старажытную Вільню, дзе дагэтуль у скляпеньнях Сьвята-Духава манастыра захоўваюцца мошчы сьвятых.

Сьвяты Марцін вызнаўца, папа Рымскі

Сьвяты Марцін нарадзіўся напрыканцы VI ці ў пачатку VII стаг. у Таскане (Італія). Ад маладосьці жыў у Рыме; высьвячаны на дыякана, выконваў дыпламатычныя функцыі пры цэзарскім двары ў Канстантынопалі. 5 ліпеня 649 году быў выбраны Папам. Паводле тагачаснага звычаю, цэзар мусіў выказаць згоду з выбарам Папы, але прыхільнік монафіліцтва Канстанс (641-668) такой згоды ня даў. Аднак сьв. Марцін працягваў кіраваць Царквой. Тымчасам нанова разгарэліся спрэчкі пра волю Хрыста. Увосень новы Папы, рашучы і разважлівы праціўнік монафіліцтва, склікаў супраць гэрэтыкаў (якія сьцьвярджалі, што Хрыстос меў адну, Боскую волю, праўдзівая ж вера кажа пра дзьве – Боскую і чалавечую) памесны Сінод у Латэране. У ім узяло ўдзел 105 біскупаў з Захаду і 30 грэцкіх духоўных асобаў, што былі ў той час у выгнаньні. Яны прынялі дагмат пра дзьве волі Хрыста і асудзілі монафіліцтва. Марцін усунуў з пасаду біскупа Паўла з Тэсалонікі за адмову падпісаць рашэньні Сіноду. На біскупскіх пасадах у Філадэльфіі, Антыёхіі паставіў новых біскупаў, наказваючы ім уладай апостальскай, дадзенай ім ад Госпада праз пасрэдніцтва Наступніка сьвятога Пятра змагацца з аблудаю, пастаўляць сьвятароў і дыяканаў, настаўляючы іх у праўдзівай веры. Аднак сьвяты Марцін дарагую цану заплаціў за барацьбу з гэрэзіяй. На цэзарскі загад яго злавілі і прывезьлі ў Канстантынопаль. Там пасьля доўгіх пакутаў яго засудзілі на выгнаньне ў Херсанэс, дзе ад голаду, кепскіх варункаў жыцьця ён памёр у 655 годзе. Яго шануюць як мучаніка і грэцкія, і лацінскія (13 красавіка) хрысьціяне.