Вялебная Марыя Ягіпецкая

Сьвятая Марыя Ягіпецкая жыла напрыканцы V ці ў пачатку VI стагоддзя ў Александрыі. Паводле традыцыі, у маладосьці вяла вельмі свавольнае жыцьцё. Аднойчы разам з ягіпецкімі пілігрымамі наведала Ерусалім. Тут таксама жыла распусна. У дзень Узвышэньня Крыжа Гасподняга (14 верасьня) захацела ўвайсьці ў базыліку Гробу Гасподняга, каб паглядзець на абрады царкоўныя. Але невядомая сіла яе адкінула, і так паўтарылася некалькі разоў. Уражаная , яна пабачыла над ўваходам у храм абраз Маці Божай і закрычала: “Маці Міласэрнасьці, не адкідай мяне, дай мне пабачыць дрэва, на якім споўнілася збаўленьне”. Яна пачула голас Багародзіцы, які прынёс у яе душу сорам і жаль за грахі. Цяпер яна ўжо магла ўвайсьці ў сьвятыню. Рэшту свайго жыцьця сьвятая Марыя правяла ў пакаяньні на пустэлі над Ярданам. Праз шмат гадоў яе выпадкова знайшоў сьвятар сьв. Зосіма (памяць 4 красавіка), які пасьля Споведзі прынёс ёй сьвятое Прычасьце. Калі наведаў яе праз некаторы час, яна ўжо памерла. Паданьне кажа, што яе пахавалі ільвы, як сьв. Антонія Пустэльніка (памяць 17 студзеня).