Вялебны Марк Арэтузійскі і Кірыл, дыякан, і інш.

Сьвяты Марк, біскуп Арэтузы, у часы цэзара Канстантына Вялікага разбурыў паганскую сьвятыню, каб на тым месцы збудаваць царкву. А за Юльяна Адступніка (361-363) пагане вырашылі адпомсьціць сьвятому за разбурэньне сьвятыні. Яго схапілі, зьдзерлі вопратку, закулі ў кайданы, зьбілі і кінулі ў гной. Калі ж ён адтуль выйшаў, вымасьцілі яго мёдам і ў кошыку ў сьпякотны дзень павесілі на пажыву пчолам. Але сьвяты не адчуваў болю. Жыхары Арэтузы, бачачы нязломную вытрываласьць Марка, выпусьцілі яго на волю. Пазьней пад уплывам ягонага навучаньня шмат людзей прыйшло да веры ў Хрыста.
Гісторыя распавядае і пра іншых хрысьціянаў, якія ў часы Юльяна Адступніка былі пакараныя сьмерцю за разбурэньне паганскіх сьвятыняў. Між іншымі, кажа і пра Кірыла, дыякана з Геліопаля (Лібан), якога закатавалі паганцы.