Сабор Арханёла Гаўрыла

Традыцыйна візантыйская Царква ў наступны дзень пасьля вялікага сьвята ўзгадвае асобу, якая адыграла ў ім значную ролю. Таму сёньня ўзгадваем сьвятога Арханёла Гаўрыіла (з грэцкай мовы “моц мая Бог”). Анёлы – гэта бесьцялесныя чыстыя духі, якія маюць прыродны розум, волю і непараўнальную прыгажосьць. Бог паставіў іх ахаронцамі і спадарожнікамі народаў і кожнага асобнага чалавека. Ён даручае анёлам сьцерагчы тых, хто спадзяецца на Госпада, паводле словаў псальму: “ніякая бяда не сустрэне цябе, і пошасьць не прыблізіцца да жыльля твайго” (Пс 90.11). У небе ж яны нястомна сузіраюць аблічча Бога, сьпяваюць Яму песьні хвалы, заступаюцца за нас і цешацца кожным грэшнікам, які навяртаецца.
Паводле сьвятога Дыянісія Арэапагіта, існуюць тры ерархіі і дзевяць чынаў анёльскіх. У першай ерархіі Сэрафімы, Хэрувімы і Пасады, у другой – Гаспадарствы, Моцы і Ўлады, у трэцяй – Пачаткі, Арханёлы і Анёлы. Найбольш вядомыя нам імёны Арханёлаў Міхала, Гаўрыіла, Рафаіла, Урыіла, Сэлафііла, Егудііла, Варахііла. Між іншым, кожны з іх мае сваё асаблівае служэньне: Міхал – пераможца ворагаў; Гаўрыіл – вястун таямніцаў Божых; Рафаіл – лекар хваробаў людзкіх; Урыіл, будучы зьзяньнем Боскага вагню, прасьвятляе тых, што ў цемры; Сэлафііл заўсёды моліцца за людзей да Госпада і заахвочвае іх да малітвы; Егудііл праслаўляе Бога, ягонае служэньне ў тым, каб умацоўваць тых, хто працуе дзеля славы Божае, і прасіць для іх належнае заплаты; Варахііл раздае Божае блаславеньне і выпрошвае для нас усялякія дабрадзействы Гасподнія.
Таму менавіта Гаўрыла Бог паслаў да Багародзіцы, каб абвясьціць Ёй Сваю волю.