Вялебны Захар пустэльнік

Немагчыма дакладна высьветліць, кім зьяўляецца сярод шматлікіх сьвятых, якія носяць імя Захарый, той, памяць якога адзначае сёньня Візантыйская Царква. Верагодна, жыў у Канстантынопалі ў манастыры, які знаходзіўся каля брамы Харыза.

Сьвяты Артэмон, біскуп Селеўкіі

Вялебны Артэмон быў вучнем апостала Паўла, які прызначыў яго біскупам Селеўкіі (Малая Азія). Памёр у вельмі пахілым узросьце.

Вялікі канон сьвятога Андрэя Крыцкага.

VI Сусьветны Сабор пастанавіў, каб Ютрань з паклонамі, на якой асноўнае месца займае Вялікі канон сьв. Андрэя Крыцкага, маліцца ў чацьвер пятага тыдня Посту, але звычайна яна адпраўляецца ў сераду ўвечары. Сёлета ж з-за таго, што на сераду прыпадае сьвята Дабравешчаньня, Ютрань з Канонам пераносіцца на аўторак. Гэтае набажэнства вызначаецца тым, што на ім пасьля кожнага трапара канону мы робім адзін зямны паклон.
Вялікі Канон напісаў сьвяты Андрэй Крыцкі, памяць якога Царква адзначае 4 ліпеня. Ён паходзіў з Дамаску, жыў у манастыры сьвятога Савы ў Ерусаліме. З часам стаўся архібіскупам гораду Гартыні на Крыце, таму і завецца Крыцкім.
Канон Андрэя Крыцкага называецца Вялікім як з-за ягонага аб’ёму (бо мае 250 вершаў, тады як звычайна каноны маюць каля 40 вершаў), так і з-за ягонай багаслоўскай глыбіні. Тэма Канону – пакаяньне, таму ў ім сьпяваецца прысьпеў: “Зьмілуйся нада мною, Божа, зьмілуйся нада мною!” Можна сказаць, што кожны трапар – гэта дыялог кожнага з нас са сваёй душой і сваім Творцам. Гэта нібы іспыт сумленьня і шчырая споведзь з усяго чалавечага жыцьця. Але бачаньне глыбіні грахоў не вядзе душу да безнадзейнасьці і роспачы, толькі дае надзею і паказвае на спосаб паратунку: Божая міласэрнасьць і заступніцтва Багародзіцы. Да гэтай жа мэты – натхніць верных да подзьвігу і даць надзею на Божае прабачэньне – служыць канон вялебнай Марыі Ягіпецкай.