Вялебны мучанік Нікан і вучні ягоныя

Сьвяты Нікан нарадзіўся ў Неапалі, у сям’і, дзе маці была хрысьціянкай, а бацька паганінам. Быў вельмі прыгожы з аблічча. Спачатку быў жаўнерам, але пазьней, шукаючы Бога, жыў на самоце, пасьля ў рэшце рэшт сустрэў на гары Ганос у Фрыгіі супольнасьць манахаў, з якімі быў і біскуп Кізіцкі. Ён увёў Нікана ў таямніцу хрысьціянскай веры і ахрысьціў. Праз тры гады Нікан стаўся сьвятаром, а пазьней і біскупам. Уцякаючы ад перасьледу паганаў, паплыў з манахамі на Сіцылію і жыў там з імі на гары Таўраменійскай. Калі ж зноў пачалі перасьледаваць хрысьціянаў, прэфэкт Сіцыліі Квінтыян загадаў забіць шасьцярых манахаў, іншых кінуць у вагонь і дзікім зьвяром. Нікану ж адцялі язык, каменавалі і ўрэшце забілі, а цела аддалі на пажыву птушкам. Біскуп Мэсіны разам з мясцовымі сьвятарамі пахаваў цела сьвятога разам з іншымі мучанікамі.