Вялебны Ян Лесьвічнік

У гэты дзень Царква згадвае памяць сьвятога Яна Лесьвічніка (памяць 30 сакавіка), які нарадзіўся каля 579 году, памёр каля 649 г. У 16-гадовым узросьце ўступіў у манастыр на Сынаі, які праз тры гады пакінуў і пайшоў на пустэлю, дзе перабываў 40 гадоў. Галоўнай справай сьвятога Яна лічыцца ягоны твор Лесьвіца да раю (т.зв. “Лесьвіца”, паводле сну Якуба (Быц 28.12), у якім ён у 30 разьдзелах прадстаўляе манаскую аскезу, у прыватнасьці нястомную барацьбу з галоўнымі заганамі манахаў (1-23) і працэс здабываньня цнотаў (24-30). Гэтая кніга зьяўляецца добрай дапамогай верным у велікапоснай барацьбе.

Сьвятамучанік Васіль, біскуп Анкірскі

Сьвяты Васіль пацярпеў мучаніцтва ў 363 годзе ў часы Юльяна Адступніка (361-363) і прэфэкта Анкіры Сатурніна, перад судом якога сьвяты мучанік быў пастаўлены за казаньні, якія выкрывалі няпраўду навучаньня арыянаў і паганства. Яго павесілі на слупе, садралі скуру, пасьля, скалечанага, кінулі ў вязьніцу. Неўзабаве ён адтуль выйшаў, але ў хуткім часе быў зноў увязьнены і пасьля доўгіх катаваньняў памёр.