Вялебны Тэафан Сыгрыянскі, вызнаўца

Сьвяты Тэафан нарадзіўся ў Канстантынопалі ў сям’і багатых і заможных бацькоў. Бацька быў сваяком цэзара Льва Ісаўрыйскага (717-741), таму Тэафан пасьля перадчаснай сьмерці бацькі выхоўваўся пры двары цэзара Льва Хазара (775-780) і быў чарговым ураднікам. Гэтая пасада вымагала ажаніцца. Але абодва сужонка па ўзаемнай згодзе жылі ў чысьціні. Неўзабаве яны распачалі манаскае жыцьцё ў адным з манастыроў. Сьвяты Тэафан, будучы настаяцелем манастыра, удзельнічаў ва ўсіх працах, быў прыкладам працавітасьці і імкненьня да дасканаласьці. У 787 годзе ўдзельнічаў у VII Сусьветным Саборы супраць іконаборцаў. Ён прыбыў туды ў залатаным габіце, але затое зазьзяў Божай мудрасьцю ў абгрунтаваньні праваслаўных дагматаў. Калі ж на цэзарскі трон увайшоў Леў Армянін (813-820), аднавілася барацьба з іконамі. Сьвятога змушалі прыняць гэрэзію, але ён рашуча супрацьстаяў ім, за што яго самога ўвязьнілі, а манастыр спалілі. Сьвяты Тэафан прабыў у вязьніцы 23 гады і памёр у 818 годзе. Вядомая ягоная праца па гісторыі Царквы ад 285 да 813 году.

Сьвяты Рыгор Вялікі, папа Рымскі

Сьвяты Рыгор І нарадзіўся каля 540 году ў Рыме, памёр 12 сакавіка 604 году там жа. Паходзіў з сенатарскай сям’і, быў выхаваны ў рэлігійным духу, атрымаў класічнае выхаваньне, вывучыў права. Нейкі час быў прэфэктам Рыму, выпраўляў наступствы нападу Лангабардаў на Італію. Пераканаўшыся ў немагчымасьці спалучаць служэньне Богу і сьвету, адмовіўся ад палітычнай кар’еры, пакінуў большасьць маёмасьці Царкве (зафундаваў некалькі манастыроў на Сіцыліі), свой дом у Рыме перарабіў на манастыр сьв. Апостала Андрэя, рэшту маёмасьці раздаў бедным. Як кіраўнік заснаванага манастыра аддаваўся малітве, сузіраньню, вывучэньню Сьвятога Пісьма і Айцоў Царквы. Папа Пелагій ІІ (579-590) выслаў дыякана Рыгора да цэзара, каб наладзіць стасункі паміж Рымам і Бізантыяй. Тут ён паказаў выдатныя дыпламатычныя здольнасьці, атрымаў вызнаньне цэзара, прымаў удзел і ў багаслоўскіх дыскусіях. 12 верасьня 590 году быў выбраны Папам. Ягоны пантыфікат быў часам працы ў розных сфэрах царкоўнага жыцьця: сьв. Рыгор прамаўляў казаньні, кіраваў царкоўнай маёмасьцю, разьвіваў грамадзкую апеку, ажыцьцяўляў фактычную палітычную ўладу ў Рыме. Адправіў місійную экспедыцыю ў Англію на чале са сьв. Аўгустынам. Падкрэсьліваў значэньне прымату Папы і паўсюдную ролю Апостальскай Сталіцы ў Рыме як найвышэйшай духовай улады, якая вырашае справы Царквы на Захадзе і Ўсходзе. Калі Канстантынопальскі патрыярх сьв. Ян ІV Посьнік (памяць 2 верасьня) назваўся “сусьветным біскупам”, сьв. Рыгор узяў тытул “слугі слуг Божых”. Працаваў таксама ў галіне літургікі: у лацінскай Царкве ўвёў грыгарыянскі напеў, а ва Ўсходняй склаў Літургію Раней асьвячаных Дароў, якая да сёньня ўжываецца ў грэка-католікаў і праваслаўных.
Уплыў яго навукі і здольнасьць кіраваць Царквой здабылі яму тытул “Вялікі”.