Сьвяты Сафрон, патрыярх Ерусалімскі

Сьвяты Сафрон нарадзіўся ў Дамаску (цяпер сталіца Сірыі). З маладосьці вызначаўся пабожнасьцю і любоўю да ведаў. Атрымаў выдатную адукацыю ў сьвецкіх і рэлігійных навуках. Мудрасьці ж шукаў у манастырах і ў размовах з пустэльнікамі. У Ерусаліме ў манастыры сьв. Тэадосія сустрэўся з ераманахам Янам Мосхам і разам з ім вандраваў па манастырах, запісваючы навучаньні і біяграфіі розных аскетаў. З тых нататак паўстала кніга “Луг духоўны”. Гэтыя апавяданьні добра перадаюць дух тагачаснага манаскага жыцьця.
Хаваючыся ад нападаў персаў на Палестыну ў 606 годзе, яны выправіліся ў Антыёхію, пасьля ў Ягіпет, у Рым, дзе памёр Ян Мосх. Сьвяты Сафрон прывёз ягонае цела ў Ерусалім і пахаваў у манастыры сьв. Тэадосія. Тут жа быў выбраны патрыярхам Ерусалімскім у 634 годзе. Разам са сваёй аўчарняй мусіў перажыць двухгадовую аблогу Ерусаліму магаметанамі. Нарэшце змучаныя, згаладнелыя хрысьціяне мусілі адчыніць дзьверы гораду (637 г.) з умоваю, што каліф Амар зьберажэ хрысьціянскія сьвятыні. Але заваёўца абяцаньня не стрымаў. Сьвяты патрыярх памёр у 638 годзе з вялікім болем перажываючы апаганьваньне сьвятых месцаў.
Да нас дайшлі творы сьв. Сафрона ў галіне дагматыкі, літургікі, біяграфія сьв. Марыі Ягіпецкай (памяць 1 красавіка), каля 950 трапароў і вершапесьняў Кветнай Трыёдзі ад Вялікадня да Узьнясеньня. Ягоны трысьпеў на Вялікі Пост да сёньняшняга дня ўваходзіць у склад багаслужэньняў бізантыйскага абраду.