40 мучанікаў Себастыйскіх

У часы Рымскага імператара Лікінія (321-323) трываў жорсткі перасьлед хрысьціянаў. У армянскім жа горадзе Себасьце быў начальнік войска Агрыкалай, які быў паганцам і вызначаўся асаблівай жорсткасьцю ў адносінах да хрысьціянаў. У ягоным войску было 40 жаўнераў-хрысьціянаў, вядомых сваёй мужнасьцю і адвагай. Яны адмовіліся складаць ахвяры паганскім бажкам, за што былі закутыя ў ланцугі і ўкаменаваныя (кінутыя каменьні ляцелі міма, а адзін нават трапіў у твар кату), але нічога ім не пашкодзіла. Урэшце зімовай ноччу іх, распранутых, выгналі на возера побач з горадам. Каб зламаць волю мучанікаў поруч падрыхтавалі гарачую лазьню. Апоўначы, калі мароз стаў нясьцерпным, адзін з жаўнераў зламаўся і пабег у лазьню. Як толькі ён пераступіў парог, у тую ж хвіліну памёр. Трошкі пазьней раптам стала цёпла і сьветла, лёд растапіўся, вада сагрэлася. Адзін з вартаўнікоў абудзіўся і пабачыў над галовамі мучанікаў сьветлыя вянцы. Але, налічыўшы толькі 39, зразумеў, што той, які не вытрываў пакутаў, не атрымаў вянца. Тады, абудзіўшы іншых вартаўнікоў, сам распрануўся і вызнаючы Хрыста дадаў сабою лічбу 40. Ранкам каты пабачылі, што мучанікі жывыя. Іх вывелі з вады і паламалі ім галені. У час гэтых зьдзекаў маці аднаго з наймалодшых жаўнераў Мелітона заахвочвала яго да вытрываласьці. Іхнія целы склалі на воз і павезьлі на спаленьне. Мелітона, які ледзьве дыхаў, пакінулі на зямлі, але маці ўзяла цела сына і несла за возам. Калі ж ён памёр, далучыла яго да спаўпакутнікаў. Мучанікаў спалілі, а попел кінулі ў раку, каб хрысьціяне не змаглі іх забраць. Так усе, разам з Мелітонам, атрымалі вянцы мучанікаў.