Вялебны Тэафілакт, біскуп Нікамедыйскі, вызнаўца

Сьвяты Тэафілакт, вядомы на ўсім Усходзе, жыў у VIII стаг. у Канстантынопалі ў часы барацьбы з іконамі, быў вучнем сьвятога Тараса, пасьля першым сакратаром цэзарства. Сьвяты Тарас (памяць 25 лютага) пасьля таго, як яго выбралі патрыярхам (787 год), заснаваў манастыр на беразе Чорнага мора і прыняў у яго Тэафілакта і Міхала з Сынады. Праз некалькі гадоў высьвяціў іх на біскупаў: Тэафілакта ў Нікамедыі, Міхала ў Сынадзе. Сьвяты Тарас памёр у 806 годзе. Калі Леў V Армянін (813-820) стаўся цэзарам, зноў разгарэлася барацьба супраць іконаў. У часе гэтай барацьбы сьв. Тэафілакт прадказаў цэзару хуткі заняпад, за што быў высланы ў вязьніцу Стробіл у Малай Азіі, дзе пасьля трыццаці гадоў цяжкіх цярпеньняў памёр у 845 годзе. Праз некалькі гадоў, за патрыярха Мятода (843-847), цела сьв. Тэафілакта было перанесена ў Нікамедыю і пахавана ў царкве, якую ён сам збудаваў.