Вялебны Герасім Ярданскі

Сьвяты Герасім нарадзіўся ў Лікіі (Малая Азія), але з маладосьці вёў аскетычнае жыцьцё спачатку ў Ягіпецкай пустэлі, пазьней над Ярданам, дзе заснаваў манастыр. У час Вялікага Посту разам з братамі пакідаў манастыр і на працягу пяці дзён перабываў на пустэлі. У суботу і нядзелю ж яны зьбіраліся ў сьвятыні, каб удзельнічаць у Літургіі і прыняць Сьвятое Прычасьце. У гэтыя дні яны елі гарачую ежу, у астатнія ж толькі хлеб і ваду. Аднойчы сьв. Герасім сустрэў у пустэлі ільва, якому ў лапу трапіла калючка. Ён яе выняў, а лапу перавязаў. З таго часу леў хадзіў сьледам за Герасімам, служачы яму, як хатняя жывёла. Памёр 5 сакавіка 475 году.