Мучанікі Яўтропій, Клеанік, Васіліск

Сьвятыя Яўтропій і Клеанік жылі ў часы цэзара Максіміяна (285-305), былі роднымі братамі і сябрамі сьв. Тодара Тырона, а сьвяты Васіліск ягоным стрыечным братам. Пасьля мучаніцкай сьмерці сьв. Тодара яны апынуліся ў вязьніцы ў Амазіі, дзе шмат паганаў навярнулі на хрысьціянскую веру. За адважнае вызнаньне веры іх аддалі на вялікія пакуты. Мучанікам зьвіўся Хрыстос і аздаравіў іх. Многія з паганаў, што гэты цуд бачылі, паверылі ў Хрыста і тут жа былі забітыя мячом. Нарэшце, бачачы нязломную веру мучанікаў, падрыхтавалі тры катлы з кіпячай смалой і вапнай, куды і ўкінулі сьвятых. Але яны выйшлі адтуль непашкоджанымі. Тады Яўтропія і Клеаніка расьпялі, а Васіліска кінулі ў вязьніцу, дзе ён праз год, 22 траўня, памёр.