Вялебная мучаніца Аўдоцьця

Сьвятая Аўдоцьця паходзіла з Геліопаля ў Феніцыі (цяпер Лібан) і жыла ў часы цэзара Траяна (98-117). Напачатку вяла вельмі свавольнае жыцьцё, яна прыцягвала да сябе мужчынаў сваёй прыгажосьцю, зьбірала вялікае багацьце. Аднойчы яна пачула, як нейкі ераманах Герман гаворыць пра Бога, веру, пакаяньне. Тады адразу паверыла ў Хрыста і прыняла Хрост. Мела таксама відзеж: бачыла, як анёл вёў яе на неба, і вакол шматлікіх духаў бесьцялесных, якія цешыліся з ейнага навяртаньня, толькі адзін чорны, страшны з выгляду, рыкаў і енчыў, бо страціў адну грэшніцу. Сьвятая раздала сваю маёмасьць бедным і выправілася ў манастыр, дзе верна выконвала Божыя прыказаньні, змагалася з грахамі, здабывала цноты. Ранейшыя яе прыяцелі, незадаволеныя ейным навяртаньнем, учынілі, каб яна стала перад цэзарам Адрыянам (117-138); і тут сваімі малітвамі і аздараўленьнем дзіцяці цэзара навярнула і яго да веры ў Хрыста. Пазьней яшчэ раз мусіла стаць перад цэзарам, але і зноў дзеля цудаў, што яна ўчыніла, была вызваленая. Нарэшце наступны цэзар Вінцэнт загадаў яе забіць. Сталася гэта каля 152 ці 160-170 году.