Сьвяты Парфір, біскуп Газы.

Сьвяты Парфір нарадзіўся каля 347 году ў Тэсалоніках у Македоніі ў шляхетных і заможных бацькоў. Пакінуў сваю бацькаўшчыну і выправіўся ў Ягіпет, пасьля ў пустэлю Скіт, дзе пад кіраўніцтвам старца на працягу пяці гадоў вёў аскетычнае жыцьцё, якое мае на ўвазе спаўненьне прыказаньняў, унутраную барацьбу са страсьцямі і набыцьцё цнотаў.
Праз пяць гадоў прыбыў у Ерусалім, дзе столькі людзей навярнуў сваімі словамі, што Ерусалімскі біскуп высьвяціў яго на сьвятара і зрабіў яго адным са сваіх супрацоўнікаў. У 395 годзе стаўся біскупам Газы. Усе свае сілы сьвяты Парфір пакладаў на ўмацаваньне ў веры сваёй аўчарні і навяртаньне паганаў да веры ў праўдзівага Бога.
Памёр 26 лютага 420 году.