Вялебны Эразм Кіева-Пячэрскі

Маючы вялікае багацьце вял. Эразм вырашыў, што манаху ня варта валодаць зямнымі дабротамі, таму растраціў усё на упрыгожваньне храму. Бачачы Эразма бедным, на яго пачалі мала зьвяртаць увагі. Таму злы пачаў спакушаць яго, што аддаўшы сваю маёмасьць на храм, ён не атрымаў ніякай узнагароды і пашаны. Лепш было б раздаць багацьце жабракам.
Эразм паддаўся спакусе, упаў у роспач, перастаў дбаць пра сваё збаўленьне. Але міласэрны Госпад не пакінуў Эразма. Ён наслаў на яго цяжкую хваробу. Лежачы на ложку, Эразм думаў пра сьмерць, але яму зьявіліся вялебныя Антоній і Тэадосій Пячэрскія і сказалі: “Мы маліліся за цябе і Бог даў табе час для пакаяньня”. Потым ён пабачыў Багародзіцу, Якая прамовіла: “Як ты ўпрыгожыў Маю царкву, так і я ўпрыгожу і ўзьвялічу цябе ў Валадарстве Божым. Жабракі заўсёды ёсьць з вамі, а царква ёсьць не паўсюль. Таму ўстань, пакайся, прымі Вялікі Анёльскі вобраз, а на трэці дзень Я вазьму цябе да Сябе за тое, што ты так палюбіў красу Дому Божага”. Эразм у тую ж хвіліну ўстаў з ложка, пакаяўся, прыняў пострыг у схіму і на трэці дзень памёр, як і абяцала Багародзіца. 1-я і 2-я знаходка галавы Яна Хрысьціцеля гл. 28 лютага.