Вялебны Леў, біскуп Катанскі

Сьвяты Леў нарадзіўся ў Равэньне ў пабожнай і багатай сям’і. Дзякуючы свайму сьвятому жыцьцю прайшоў праз усе ступені царкоўнае гэрархіі і быў выбраны біскупам Катаніі на Сіцыліі. Адважны, як леў, як паказвае ягонае імя, зьзяючы, як зорка, ён здабыў сабе славу па цэлым сьвеце, апякуючыся сваім статкам, клапоцячыся пра ўдоваў, памятаючы пра ўбогіх. Ён падбаў, каб архітэктары збудавалі вялікую сьвятыню ў гонар мучаніцы Лукіі; спапяліў мага Геліядора.
Гэты ашуканец падманваў навакольных людзей сваімі фальшывымі цудамі. Яму нават прыйшла думка рабіць свае чары ў сьвятыні ў часе, калі сьв. Леў адпраўляў Літургію. Але сьвяты ў Духу прадбачыў гэтае акрутнае жаданьне, укленчыў перад алтаром, памаліўся, пасьля падышоў да Геліядора, насілу абвязаў яго амафорам і прывёў на пляц. Тады загадаў запаліць вялікае вогнішча, распавёў людзям пра ўсе ягоныя ашуканствы і ўцягнуў яго разам з сабою ў вогнішча. І ня выйшаў адтуль пакуль вагонь не ператварыў чараўніка ў попел. Пасьля вярнуўся ў храм і скончыў Літургію. Сьвяты не толькі ня быў абпалены, але вагонь нават не крануў ягонай сьвятарскй вопраткі. Памёр сьвяты Леў каля 780 году.