Апостал Анісіма з 70-ці

Сьвяты Анісім быў нявольнікам св. Філімона (памяць 22 лістапада), заможнага жыхара Калосаў, да якога адрасаваны ліст сьв. апостала Паўла, у якім ён просіць Філімона прабачыць Анісіму ягоныя ўцёкі, якія ў той час сувора караліся. Дзякуючы сьв. Паўлу Філімон навярнуўся падчас эфэскай дзейнасьці апостала (Дз 19.10). Павал просіць за Анісіма, паколькі той быў ужо хрысьціянінам, навернутым апосталам падчас ягонага ўвязьненьня, адкуль ліст і быў адпраўлены. Анісім дапамагаў абодвум апосталам, а пасьля іхняе сьмерці стаўся біскупам Эфэсу ў часы Траяна (98-117). Быў арыштаваны і выданы епарху Тэртылу, які пасьля 18 дзён увязьненьня адаслаў яго ў Катанію ў Італіі. Праз некаторы час Тэртыл сам прыбыў туды і пабачыў, што Анісім і далей трывае ў веры. Тады ён загадаў біць яго розгамі і адцінаць яму часткі цела; у часе тых пакутаў мучанік сканаў.