Вялікамучанік Тодар Страцілат

Сьвяты Тодар, званы “Страцілат”, значыць “генерал арміі”, гэта той самы сьв. Тодар Тырон, памяць якога сьвяткуем 17 лютага. Ён быў легіянерам арміі цэзара Максіміяна і перабываў са сваім гарнізонам у Понце (Малая Азія). У той час трывала вялікае перасьледаваньне хрысьціянаў. Як хрысьціянін ён адмовіўся складаць ахвяры рымскім бажкам, але трыбун даў яму час перадумаць. Сьвяты Тодар жа, каб падкрэсьліць сваё асуджэньне ідалапаклонства, падпаліў вядомую сьвятыню “Маці багоў”. У тую ж хвіліну яго арыштавалі і аддалі на вялікія мучэньні. Урэшце ў 306 годзе яго спалілі жыўцом. Атрымаў лацінскую назву “Тырон”, паколькі як толькі быў упісаны ў кагорту маладых рэкрутаў, адважна вызнаў сваю веру ў Хрыста.

Прарок Захарыя

Прарок Захарыя, адзін з 12 малых прарокаў, з пакаленьня Левія, нарадзіўся ў Халдэі і прыбыў у Палестыну маладым чалавекам у 536 годзе да нараджэньня Хрыста. Атрымаў дар прароцтва. Менавіта ў яго кнізе маем натхнёнае прароцтва пра прыйсьце Месіі (6.12), пра апошнія дні Хрыста і Ягоны Ўваход у Ерусалім, пра здраду за 30 срэбнікаў, пра прабіцьцё боку Збаўцы, пра зацьменьне сонца ў час сьмерці Хрыста. Памёр у 520 годзе і быў пахаваны недалёка Ерусаліму побач з сучасным яму прарокам Агеям.