Вялебны Сідар Пілусіёцкі

Сьвяты Сідар нарадзіўся ў Александрыі ў Ягіпце. Там ён здабыў грунтоўныя веды ў Сьвятым Пісьме і сьвецкіх навуках. Пазьней пакінуў сваю маёмасьць і сьвецкія развагі, каб распачаць манаскае жыцьцё. Стаўся ігуменам манастыра каля Пілусіёту і атрымаў сьвятарскія сьвячаньні. Напісаў каля 3000 лістоў, з якіх захавалася каля 2000, якія сьведчаць пра ягоную асобу, багаслоўскае і класічнае выхаваньне. Сьвяты Сідар зьвяртаўся да сьвецкіх і царкоўных уладаў, прыватных асобаў; большасьць з іх гэта лісты з біблійнай, маральна-аскетычнай і манаскай тэматыкай. Дзякуючы свайму малітоўнаму жыцьцю сваімі лістамі ён асьвячаў і выхоўваў цэлы сьвет, навяртаў грэшнікаў, падтрымліваў справядлівых. Такое сьвятое і мілае Богу жыцьцё скончыў у сталым веку каля 435 году.