Сьвятыя тры Сьвяціцелі: Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Ян Залатавуст

Супольная ўрачыстасьць для трох сьвятых айцоў нашых і вялікіх сьвятаначальнікаў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага была ўсталяваная каля 1100 году ў Канстантынопалі ў часы цэзара Комнена (1081-1118) у выніку гарачых спрэчак паміж выдатнымі і пабожнымі хрысьціянамі на тэму, хто з сьвяціцеляў найбольшы. Адны выступалі за Васіля з-за ягонага вялікага розуму суворага спосабу жыцьця, іншыя ўважалі больш годным сьв. Яна за ягоныя цудоўныя казаньні, за выдатны літаратурны стыль і рыторыку яшчэ іншыя прапаноўвалі сьв. Рыгора. Нарэшце зьвярнуліся да сьвятога і мудрага біскупа Яна Маўропуса,мітрапаліта Эўхаіты. Той пачаў маліцца. У наступную ноч меў відзеж трох Сьвяціцеляў, якія прамовілі да яго: “Скажы тым усім хрысьціянам, каб пакінулі ўсе дыскусіі. Перад Богам ніводны з нас ня ёсьць большым ад іншага. Таму пайдзі да іх і зьвярні ім увагу, каб трывалі ў супакоі і згодзе. І каб практычна падкрэсьліць адзінства нашай веры, выберы адзін дзень і зрабі, каб у яго адпраўлялася Служба Божая ў наш гонар дзеля падзякі Богу за ласкі, якімі нас трох Бог абдарыў, а праз нас усю Царкву”. І так сталася. Ян абраў дзень 30 студзеня для ўрачыстага сьвяткаваньня памяці трох Сьвяціцеляў.
Сьвяты Іпаліт быў выбітным экзэгетам і тэолагам. Калі пасьля сьмерці Папы сьв. Калікста, супраць якога выступаў, быў абраны сьв. Понціян, стврыў супраціў і стаўся першым антыпапам. За выкрываньне ўладаў, якія перасьледавалі хрысьціянаў, яго выслалі на працы ў капальні на Сардыніі, якую звалі выспай сьмерці, таму што адтуль вярталіся нямногія. Туды ж выслалі і Папу Понціяна, з якім ён пазьней паяднаўся. Памерлі абодва ў адным годзе 235. Папа сьв. Фабіян (236-250) перавёз іх целы ў Рым, дзе іх шануюць як мучанікаў.