Перанясеньне пачэсных мошчаў сьвятамучаніка Ігната Баганосца

Сьвяты Ігнат быў біскупам Антыёхіі (70-107). Каля 105 году быў увязьнены і пакараны сьмерцю. Падчас дарогі ў Рым ў суправаджэньні жаўнераў, напісаў 7 лістоў; 4 падчас перапынку ў Сьмірне: да Эфесянаў, Магнэзіян, Траліян; напісаў таксама ліст да рымлянаў з просьбай не клапаціцца пра ягонае вызваленьне. 20 сьнежня 107 году ў Рыме быў кінуты ў Калізеі дзікім зьвяром. Пасьля яго засталіся толькі косьці, якія з пашанаю былі перанесеныя ў Антыёхію. Другое перанясеньне, якое сьвяткуецца сёньня, адбылося ў 438 годзе. Цэзар Тэадозій ІІ (408-450) па Божым натхненьні перанёс іх у Антыёхію, а калі Антыёхія апынулася ў руках персаў, рэліквіі ў 540 годзе вярнуліся ў Рым і цяпер захоўваюцца ў базыліцы сьв. Клімента, Папы Рымскага.

Сьвятамучанік Лаўрын, біскуп Тураўскі

Сьвяціцель Лаўрын пачаў сваё манаскае жыцьцё ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Распааўшы вельмі суворае жыцьцё, ён хутка атрымаў ад Бога дар аздараўляць немачы людзкія, выганяць бесаў. Глыбокая вера і адданасьць Царкве зьвярнулі на сябе ўвагу кіеўскага мітрапаліта, які прызначыў Лаўрына біскупам на Тураўскую катэдру, дзе ён стаўся пераемнікам сьв. Кірылы. Але нягледзячы на сан, ён працягваў падзьвіжніцкае жыцьцё, зьяўляючыся прыкладам служэньня Богу і Царкве. У сталым веку сьв. Лаўрын вярнуўся ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе і памёр у 1194 годзе.