Перанясеньне пачэсных мошчаў сьвятога Яна Залатавуснага

Праз 33 гадоў пасьля сьмерці мошчы сьвятога Яна Залатавуснага былі перанесеныя з Коман у Арменіі ў Канстантынопаль. Вялікі натоўп народу зноў сустракаў свайго пастыра. У 1489 годзе урэцкі султан Баязэд ІІ падараваў рліквіі сьв. Яна Залатавуснага французскаму каралю Карлу VІІІ. З 1627 году ж знаходзіліся ў базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане, а 26 лістапада 2004 году Папа Ян Павал ІІ вярнуў іх у Канстантынопаль.

Блаславёны Юры (Матулевіч), біскуп Віленскі

Блаславёны Юры (Матулевіч) нарадзіўся 13.04.1871 году ў Лугіне каля Марыямпаля. Паходзіў з літоўскай сям’і. У 1884 годзе скончыў 4 класы гімназіі ў Марыямпалі, пасьля скончыў сярэднюю адукацыю ў Кельцах. У 1891 годзе паступіў у каталіцкую духоўную семінарыю ў Кельцах, а калі яе расейскія ўлады зачынілі, то працягваў навучаньне ў Варшаве (1893-1895). Пасьля яе заканчэньня быў накіраваны для працягу студыяў у Пецярбурскую духоўную Акадэмію (1895-1899). Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў у 1898 годзе. У 1899-1902 гг. навучаўся ў Фрыбургу ў Швэйцарыі, дзе атрымаў дактарат з тэалогіі.
Наступныя гады вёў актыўную навуковую, грамадскую і душпастырскую дзейнасьць у Кельцах, Варшаве і Пецярбургу. У 1909 годзе таемна ўступіў у Ордэн Айцоў марыянаў і падрыхтаваў праект ягонага аднаўленьня. У 1911 годзе стаўся Генералам Ордэну і перанёс навіцыят у Фрыбург у Швэйцарыю. У 1918 годзе Папа Бенядыкт ХІV намінаваў яго біскупам Віленскім.
Як біскуп з пашанай ставіўся да кожнага народу. Меў шырокія кантакты з айцамі з Беларусі. Ахвотна падтрымліваў беларускія пачынаньні, якія датычыліся выданьня каталіцкіх часопісаў і кніжак па-беларуску. Быў адным з заснавальнікаў беларускага манастыра айцоў-марыянаў у Друі і Зграмаджэньня сясьцёр-эўхарыстак (1923). Бласл. Юрый заахвочваў айцоў шанаваць і шырока выкарыстоўваць беларускую мову ў рэлігійным і душпастырскім жыцьці.
Памёр 27.01.1927 году ў Коўне. Пахаваны ў Марыямпалі. Папа Ян Павал ІІ 28.06.1997 году далучыў яго да ліку блаславёных.