13-ць уніяцкіх мучанікаў Падляскіх

Гэта былі простыя сяляне з прыбужскіх вёсак вакол маленькага мястэчка Пратулін на польска-беларуска-ўкраінскім памежжы на Паляшшы праславіліся незвычайнай мужнасьцю духа і веры падчас перасьледаваньняў Уніяцкай Царквы ў другой палове ХІХ стагоддзья. Яны загінулі пры абароне сваёй сьвятыні 26 студзеня 1874 году.
Першым, хто аддаў сваё жыцьцё пры абароне сваёй веры, быў Вінцэнт ЛЕВАНЮК, сын Васіля. Нарадзіўся ён у 1849 г. у в. Крычаў, у мясцовай парафіяльнай царкве быў ахрышчаны. Жыў і працаваў ён у маёнтку Вараблін, які належаў роду Брынзаў. Меў жонку Марыяну. Быў чалавекам пабожным і карыстаўся павагаю людзей.
Даніла КАРМАШ (у пасьведчаньні аб нараджэньні ён і ягоныя бацькі запісаныя пад прозьвішчам Кармашук) нарадзіўся 22 сьнежня 1826 г. (ст. ст.). у в. Прадмесьце Пратулін. Ягонымі бацькамі былі селянін Конрад і Анастасія з роду Грыцюкоў. Быў ахрышчаны ва ўніяцкай царкве 23.12.1826 г. (ст. ст.). Меў жонку Ганну, утрымліваў гаспадарку ў в. Лугі. Ягоны сын сьцьвярджаў, што бацька быў чалавекам вельмі рэлігійным. Як старшыня царкоўнага брацтва падчас абароны царквы ён стаяў на чале грамады вернікаў, трымаючы ў руках крыж, які і сёньня захоўваецца ў якасьці сьвятыні ў Пратуліне.
Лукаш БОЙКА нарадзіўся 29 кастрычніка 1852 г. (ст. ст.) у в. Зачопкі ў сям'і сялянаў Дзьмітрыя і Анастасіі з роду Войдаў. Быў ахрышчаны ў парафіяльнай царкве ў Пратуліне 30.10.1852 г. (ст. ст.) сьвятаром Янам Жыпоўскім, парахам парафіі ў Крычаве, адміністратарам парафіі ў Пратуліне ў 1850-1866 гадах. Бацька і хросныя бацькі – Конрад Паляшук і Пелагея Хітайліха – як непісьменныя, акт аб нараджэньні не падпісалі. Быў нежанаты, жыў у в. Лугі. Ягоны брат сьведчыў, што Лукаш быў чалавекам шляхетным, рэлігійным і карыстаўся павагай у вяскоўцаў. У час абароны сьвятыні ён біў у званы, склікаючы вернікаў.
Канстанцін БОЙКА (на палях акту аб нараджэньні – Байчук) нарадзіўся 25 жніўня 1826 г. (ст. ст.) у в. Дэрла ў сям'і Рамана і Хвядоры з роду Кананюкоў. Меў жонку Ганну, жыў у Зачопках. Быў бедным земляробам і справядлівым чалавекам. Загінуў ля царквы.
Канстанцін ЛУКАШУК, 45 гадоў, жанаты, з в. Зачопкі. Ягонымі бацькамі былі сяляне Тадэй і Франка. Як і большасьць з забітых, ён быў ахрышчаны шматгадовым пратулінскім парахам Міхаілам Мазаноўскім. Бацька і сьведкі (хросныя бацькі – Лукавіян Гаўрылюк і Марыяна Ахрымукова) акт аб нараджэньні не падпісалі, бо былі непісьменныя. Меў жонку Грыпу. Быў справядлівым і пачцівым чалавекам, якога паважалі людзі. У выніку атрыманых ранаў памёр 27 студзеня 1874 г., на наступны дзень пасьля расстрэлу, пакінуўшы жонку ды сямёра дзетак.
Баўтрамей АСІПЮК нарадзіўся 3 верасьня 1843 г. (ст. ст.) у сям'і сялянаў Васіля і Матроны з роду Кандрасюкоў. Паходзіў з в. Багукалы. Меў жонку Натальлю і дваіх дзяцей. Валодаў маленькай гаспадаркай, але, нягледзячы на гэта, карыстаўся павагай у вяскоўцаў. Быў пачцівым, кемлівым і пабожным чалавекам. Сьмяротна параненага яго прывезьлі дадому, дзе ён і памёр, молячыся за сваіх перасьледнікаў.
Аніцэт (Мікіта) ГРЫЦЮК быў сынам селяніна Язэпа і Юльяны, нарадзіўся ў 1855 г. Ахрышчаны ў Пратуліне. Быў нежанаты, жыў у в. Зачопкі. Гэты 19-гадовы юнак быў добрым і пабожным вернікам, вельмі любіў сваю Царкву. Ідучы ў Пратулін з ежаю для абаронцаў сьвятыні, сказаў сваёй маці: "Можа, і я буду годным, каб мяне забілі за веру". Загінуў пры абароне сьвятыні каля апоўдня.
Піліп ГЕРЫЛЮК (у акце аб нараджэньні – Кірылюк) нарадзіўся 26 лістапада 1830 г. (ст. ст.) у в. Зачопкі ў сям'і Васіля і Дамінікі з роду Каралюкоў. Ахрышчаны 28.11.1830 г. (ст. ст.) парахам Міхаілам Мазаноўскім. Меў жонку Еўфрасіньню. Ягоны ўнук сьведчыў, што ён быў клапатлівым бацькам, добрым і пабожным чалавекам. Заклікаў вернікаў да стойкасьці і мужнасьці пры абароне царквы і сам аддаў сваё жыцьцё за веру.
Ігнат ФРАНЧУК меў 50 гадоў, паходзіў з в. Дэрла. Ягонымі бацькамі былі сяляне Даніла і Ахацыя. Ахрышчаны ў парафіяльнай царкве ў Пратуліне. Меў жонку Гэлену і сямёра дзяцей. Сын сьведчыў, што бацька імкнуўся выхоўваць сваіх дзяцей у любові да Бога. Вернасьць Богу ён ставіў вышэй за ўсё. Ідучы ў Пратулін, апрануўся ўва ўсё сьвяточнае і разьвітаўся з усёй сям'ёй, як быццам адчуваў, што ўжо ня вернецца. Пасьля сьмерці Данілы Кармаша ён падняў крыж і стаў на чале вернікаў, што баранілі сьвятыню.
Ян АНДРАНЮК нарадзіўся ў в. Дэрла ў сям'і Стэфана і Йанны з роду Тамашукоў 8 красавіка 1848 г. (ст. ст.). Жыў у в. Дэрла. Меў жонку Марыну. Як сьцьвярджала ягоная сястра, меў сына Нестара. Умеў пісаць і чытаць. У парафіі выконваў функцыі скарбніка. Быў вельмі добрым і кемлівым чалавекам. Цяжка паранены пры абароне свайго храму, памёр дома ва ўзросьце 25 гадоў.
Максім ГАЎРЫЛЮК нарадзіўся ў в. Багукалы 2 траўня 1840 г. (ст. ст.) у сям'і Паўла і Барбары з роду Васілюкоў. Быў жанаты на Дамініцы. Меў рэпутацыю добрага, пачцівага чалавека. Быў цяжка паранены ля царквы. Памёр ва ўласным доме ў в. Дэрла на наступны дзень пасьля расстрэлу ва ўзросьце 33 гадоў.
Анупрэй ВАСІЛЮК (Тамашук), меў 21 год, нарадзіўся і жыў у в. Зачопкі. Ягонымі бацькамі былі Ігнат і Юльяна. Быў ахрышчаны ў Пратуліне сьвятаром Янам Жыпоўскім. Меў жонку Цэцылію. Быў добрым вернікам і карыстаўся павагаю людзей. Забіты казакамі пры абароне ўласнай сьвятыні.
Міхаіл ВАЎРЫШУК меў 21 год. Нарадзіўся ён у сялянскай сям'і Мікіты і Агнешкі ў в. Ольшын. Ахрышчаны ў Пратуліне. Жыў у в. Дэрла. Памёр ад ранаў ва ўласным доме на наступны дзень пасьля расстрэлу ў Пратуліне.
Пратулінскія мучанікі былі простымі сялянамі, але ўсе дакументы і апытаныя сьведкі адназначна гавораць пра тое, што ўсе яны былі людзьмі шчырай веры. Мучанікі з Пратуліна вельмі падобныя да мучанікаў з першых стагоддзяў хрысьціянства, якія гінулі толькі за тое, што адважна вызнавалі веру ў Хрыста. У дзень беатыфікацыі Падляшскіх мучанікаў (6 кастрычніка 1996 году) Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ падчас свайго казаньня адзначыў: "Вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, каго пабілі, каго забілі, а каго каменьнем закідалі" (Мц 21, 35). Ці ж ня той самы лёс стаўся ўдзелам Вінцэнта Леванюка і ягоных паплечнікаў, мучанікаў з Падляшша? Як "верныя слугі" Госпада, поўныя надзеі ў моц Ягонае ласкі, яны далі сьведчаньне сваёй прыналежнасьці да Каталіцкай Царквы, верныя ўласнай усходняй традыцыі. Яны зрабілі гэта цалкам сьвядома і не завагаліся, калі давялося прынесьці ў ахвяру жыцьцё ў пацьверджаньне сваёй адданасьці Хрысту.
Ня думаючы пра сябе, мучанікі з Пратуліна баранілі ня толькі сьвятыню, перад якой прынялі сьмерць, але таксама і Царкву, якую Хрыстос даручыў апосталу Пятру. Тую Царкву, часткай якой пачуваліся, як жывыя камяні. Яны пралілі сваю кроў, будучы зьяднаныя з Сынам Божым, які быў выкінуты зь вінаградніка і забіты (Мц 21, 39) для збаўленьня і паяднаньня чалавека з Богам. Узьнесеныя сёньня на алтар Вінцэнт Леванюк і ягоныя дванаццаць паплечнікаў сваім прыкладам і заступніцтвам запрашаюць усіх нас, каб мы мужна йшлі па шляху да поўнай еднасьці ўсёй сям'і вучняў Хрыстовых, у духу экуменічных настаўленьняў ІІ Ватыканскага Сабору".
Седлецкая рыма-каталіцкая дыяцэзія ў Польшчы традыцыйна адзначала дзень памяці Падляшскіх мучанікаў 24 студзеня. Гэты дзень вырашана пакінуць тут і надалей.