Вялебны Антоній Вялікі

Сьвяты Антоній, вялікі аскет, заснавальнік пустэльніцкага жыцьця, названы Царквой Вялікім, нарадзіўся ў 251 годзе каля Гераклеопаля (сярэдні Ягіпет), памёр 17 студзеня 356 году ў Тэбаідзе. Паходзіў заможнай копцкай сям'і, атрымаўшы добрае рэлігійнае выхаваньне. Каля 20 году жыцьця пасьля сьмерці бацькоў стаў выхаваўцам малодшай сястры. Пад уплывам слоў з Евангельля пра багатага юнака(Мц 19.21) вырашыў цалкам пасьвяціць сваё жыцьцё Богу. Забясьпечыўшы далейшы лёс сястры, прадаў рэшту маёнтка бедным, а сам адправіўся на пустэлю і аддаўся там малітве і посту (асабліва разважаньням Сьвятога Пісьма). Карыстаўся вялікай любоўю навакольных жыхароў. Яго называлі Тэафілам (любым Богу). Спакусы апаноўваў малітвай і суворай аскезай. Каб пазьбегнуць марнай людзкой славы уцёк у Лівійскую пустэлю і закрыўся там у старым склепе. Бачачы такое пабожнае жыцьцё, вакол сьв. Антонія пачалі гуртавацца самотнікі, было іх каля 6000. Антоній быў сярод іх як айцец духоўны і прыклад жыцьця.. Меў дар чыніць цуды і выганяць шатана. Але час ад часу мусіў аддаляцца ад тлуму на пустэлю, каб маліцца і змагацца на самоце. У 311 годзе адправіўся ў Александрыю, каб несьці дапамогу перасьледаваным хрысьціянам, жадаючы мучаніцтва. Пасьля зноў аддаліўся на пустэлю і там атрымаў дар прадказаньня будучыні. Цешыўся вялікаю славай сярод людзей за сваю мудрасьць. Верагодна ў 334-335 годзе адправіўся ў Александрыю па запрашэньні біскупа сьв. Атанасія (памяць 18 студзеня), каб змагацца з арыянізмам. У вельмі сталым ужо ўзросьце наведаў сьв. Паўла Тэбаідскга, першага пустэльніка.
Захаваліся лісты сьв. Антонія да манахаў. Ён лічыў, што кожны павінен ісьці да дасканаласьці сваёй дарогай. Веьмі дапаможным на гэтым шляху ёсьць чытаньне і разважаньне Сьвятога Пісьма.