Вялебны Павал Фіваідскі

Сьвяты Павал нарадзіўся ў 228 годзе і Тэбах (Ягіпет). Першыя гады жыцьця правёў разам з бацькамі. Але ў часы Дэцыя пачалося адзін з найкрывавейшых перасьледаў хрысьціянаў. Павал меў у той час 20 гадоў. Каб пазьбегнуць сьмерці Павал уцёк на пустэлю. Перасьлед трываў нядоўга, але сьв. Павал так засмакаваў пустэльніцкага жыцьця, вырашыў застацца там назаўсёды і як пустэльнік правёў там 90 гадоў. Калі набліжалася ягоная сьмерць, яго наведаў сьв. Антоні Пустэльнік (памяць 17 студзеня). Паданьне сьцьвярджае, што сьв. Паўла сам Бог карміў праз гругана, які штодзённа прыносіў яму паўбохана хлеба. Калі ж меў прыйсьці сьв. Антоні, груган прынёс цэлы бохан. Адышоў да Бога ва ўзросьце 113 гадоў на руках сьв. Антонія. Яшчэ пры жыцьці прыдбаў сабе шмат пасьлядоўнікаў. У ХІІ стаг. ягоныя рэліквіі былі перанесеныя ў Канстантынопаль.

Вялебны Ян Буднік

Сьвяты Ян Буднік, сын багатых арыстакратаў, якія жылі ў Канстантынопалі, атрымаў выдатнае выхаваньне. Вельмі любіў чытаць духоўную літаратуру. Спазнаў марнасьць сьвецкага жыцьця, таму замест "шырокага шляху" выбраў "вузкі" і цяжкі. Выпрасіў, каб бацькі падаравалі яму сьв. Евангельле і з гэтым скарбаў таемна ўцёк з дому і паступіў у 440 годзе ў манастыр сьв. Ірынэя на азіяцкім беразе Басфору ў Бітыніі, які называўся манастыром "Незасыпаючых". Малады манах распачаў вельмі руплівае аскетычнае жыцьцё, сваёй малітвай іпаслухмянасьцю зьдзіўляючы сваіх братоў. Праз некалькі гадоў адчуў сум па сваіх родных, і выпрасіўшы блаславеньня ў ігумена, выправіўся ў Канстантынопаль. У адзеньні жабрака, нікім не пазнаны ён пасяліўся каля бацькоўскага дому. Бацькі дзеля Хрыста прыносілі яму пажыву. На працягу трох гадоў, церпячы голад і холад, ён жыў у будзе (адсюль імя Буднік), размаўляючы толькі з Богам і анёламі. Перад сьмерць яму зьявіўся анёл і абвясціў пра хуткую сьмерць. Толькі тады сьвяты паказаў бацькам падараванае імі Евангельле. Тыя пазналі ў ім свайго сына. Памёр у палове V стаг. ва ўзросьце 25 гадоў. на ягонай магілай бацькі збудавалі храм і прытулак для бяздомных. Ягоныя мошчы знаходзяцца ў Рыме.