Вялебны Тэадосій Вялікі

Сьвяты Тэадосій Вялікі жыў у Кападокіі на пераломе IV-V стаг. Зьяўляецца заснавальнікам супольнага манаскага жыцьця. Меў пабожных бацькоў. Маючы прыгожы голас, рупліва аддаваўся царкоўнаму сьпеву і чытаньню. Горача маліўся, каб Бог вёў яго дарогаю збаўленьня. У маладосьці наведаў Сьвятую Зямлю, дзе сустрэўся з Сімяонам Стоўпнікам (успамін 1 верасьня), які паблаславіў яго і прадказаў ягонае будучае служэньне. Жадаючы самотнасьці, пасяліўся ў палестынскай пустэлі, дзе верагодна спыняліся на начлег тры Мудрацы, ідучы пакланіцца Нованароджанаму Дзіцятку Ісусу. Жыў у ёй на працягу 30 гадоў і вялікай аскезе і малітвах. Да яго прыходзіла мноства ахвотнікаў такога спосабу жыцьця і аддаваліся ягонаму проваду. Пячора ўжо не зьмяшчала ўсіх аскетаў, але сьв. Тэадосій маліўся, каб сам Бог указаў месца заснаваньня новага манастыра. На тым месцы сьв. Тэадосій збудаваў лаўру паводле ўставу сьв. Васіля Вялікага. У хуткім часе лаўра набыла вялікую славу, сабралася ў ёй каля 700 манахаў. З волі сьв. Тэадосія лаўра служыла таксама і сьвецкім людзям, дапамагаючы бедным і падарожным.
Сьвяты быў незвычайна міласэрны. Калі аднойчы ў Палестыне быў вялікі голад і каля манастыра сабралося мноства галодных людзей, сьвяты казаў пусьціць за фірту манастыра. Вучні былі прыгнечаныя, ведаючы, што галодных людзей няма чым накарміць. Увайшоўшы ж ў пякарню, пабачылі, што па малітвах аввы Тэадосія яна поўная хлеба. Гэты цуд паўтараўся кожны раз, калі сьвяты хацеў дапамагчы бедным.
На тэрыторыі манастыра сьв. Тэадосій адкрыў дамы для бяздомных, шпіталь для манахаў і сьвецкіх, а таксама прытулак для старцаў.
Паколькi на тэрыторыi манастыра жыло шмат розных людзей, ён арганiзаваў набажэнствы ў некалькiх каплiцах на розных мовах: па-грэцку, па-армянску, па-грузiнску. Яшчэ пры жыцьцi ўчынiў шмат цудаў, дапамагаючы патрабуючым. Памёр ва ўзросьце 105 гадоў у 529 годзе.