Сьвяціцель Рыгор, біскуп Ніскі

Сьвяты Рыгор, біскуп Ніскі, быў малодшым братам сьв. Васіля Вялікага (памяць 1 студзеня). Ягонае нараджэньне і выхаваньне прыпала акурат у часы самых гарачых арыянскіх спрэчак. Ён атрымаў выдатнае выхаваньне. У 372 годзе сьв. Васіль Вялікі высьвяціў яго на біскупа Ніссы ў Кападокіі. Сьв. Рыгор быў нязломным абаронцам праваслаўя і разам са сваім братам змагаўся з арыянскай гэрэзіяй. У 376 годзе яго абвінавацілі ў незаконным выкарыстаньні царкоўнай маёмасьці, сабраны сінод арыянскіх біскупаў пазбавіў яго біскупскага пасаду. Пасьля сьмерці цэзара Валенсы (378) вярнуўся на біскупскі пасад цэзар Тэадозій Вялікі. Сьв. Рыгор цяжка перажыў сьмерць свайго настаўніка Васіля Вялікага. Напісаў слова на ягонае пахаваньне скончыў ягоны каментар на шэсьць дзён стварэньня (“Шасьцідзён”).
Сьвяты Рыгор быў палымяным абаронцам дагматаў, руплівым настаўнікам сваёй аўчарні, а таксама міласэрным і спагадлівым бацькам для верных. Памёр у 394 годзе. Увайшоў у гісторыю Царквы як адзін з найвялікшых тэолагаў і дзеячаў філасофскай думкі таго часу.

Вялебны Дамецыян, біскуп Мелітэнскі

Сьв. Дамецыян жыў у часы цэзара Юстына (565-678). Атрымаў добрую сьвецкую адукацыю і таксама веданьне Сьвятога Пісьма, нейкі час быў жанатым, а пасьля сьмерці жонкі, ва ўзросьце 30 гадоў стаў біскупам Мелітэны ў Арменіі. Быў чалавекам мудрым, руплівым у справах рэлігіі, моцным у слове і справе, хутка атрымаў славу добрага і пільнага пастыра. Яшчэ пры жыцьці і па сьмерці, якая наступіла ў 601 годзе, Бог абдарыў яго ласкай чыненьня цудаў.

Вялебны Маркіян, прасьвітар

Сьвяты Маркіян жыў у часы панаваньня цэзара Маркіяна і Пульхерыі (450-457). Нарадзіўся ў Рыме, выхаваньне атрымаў у Канстантынопалі. Усё багацьце, якое ён атрымаў пасьля сьмерці бацькоў, ахвяраваў на будаўніцтва і рамонт храмаў. Збудаваў царкву сьв. Анастасіі і перанёс туды яе рэліквіі. Іншую царкву збудаваў у гонар сьв. Ірыны. Цнатлівасьць і аскетычнасьць ягонага жыцьця зьвярнулі на сябе ўвагу патрыярха Генадзія (458-471), які высьвяціў яго на сьвятара і зрабіў эканомам сьвятыні Мудрасьці Божай у Канстантынопалі. Атрымаў дар чыніць цуды: лекаваў хворых, выганяў злых духаў. Памёр у 472/474 годзе і быў пахаваны ў манастыры сьв. Яна Хрысьціцеля ў Канстантынопалі.