Мучанік Паліеўкт

Сьвяты мучанік Паліеўкт служыў у войску цэзара Дэцыя (249-251), а загінуў за веру ў часы цэзара Валерыяна (253-259). Быў сябрам іншага жаўнера Неарха, хрысьціяніна. Ён вёў вельмі прыстойнае жыцьцё, але заставаўся паганцам. Калі надышлі часы перасьледу хрысьціянаў, Неарх сказаў Паліеўкту: “Сябра! У хуткім часе нам давядзецца расстацца. Мяне будуць мучыць, але ты адрачыся ад сяброўства са мной”. Той яму сказаў, што бачыў ува сьне Хрыста, Які зьняў з яго вопратку і надзеў новую, сьветлую. “Ад гэтага моманту, – сказаў – я гатовы служыць Госпаду Ісусу”. Сьвяты Паліеўкт выйшаў на пляц і сарваў абвесткі пра абавязковае пакланеньне бажкам. Прэфэкт, цесьць Паліеўкта, даведаўшыся пра такі ўчынак сьвятога, сказаў яму, што павінен памерці. “Ідзі, разьвітайся з жонкай і дзецьмі” – сказаў. Прыйшла жонка і са сьлязамі прасіла Паліеўкта адрачыся Хрыста. Заплакаў таксама і ягоны цесьць. Але сьвяты, памятаючы пра свайго сябра Неарха, быў непарушны ў сваім жаданьні цярпець за Хрыста. Радасна схіліў галаву пад меч ката і ўласнай крывёю быў ахрышчаны (+259). Шануюць яго як апякуна і памочніка ў датрыманьні пастановаў і шлюбаў.