Сабор сьвятога Яна, Прадвесьніка і Хрысьціцеля

Ва Ўсходняй Царкве ёсьць традыцыя, што ў наступны дзень пасьля вялікіх Гасподніх або Багародзічных сьвятаў узгадваецца памяць тых сьвятых, якія мелі найбольшае дачыненьне да гэтага гістарычнага здарэньня. І ўласна ў другі дзень пасьля Богазьяўленьня Царква ўшаноўвае таго, які зьдзейсьніў хрост Ісуса Хрыста. Сьвяты Прадвесьнік і Хрысьціцель Гасподні Ян завяршае сабою гістрыю старазапаветнай царквы і распачынае эпоху Новага Запавету. Ён абвясьціў прыйсьце на зямлю Адзінароднага Сына Божага, Які прыняў людзкое цела. Гэта ён ахрысьціў Ісуса ў Ярдане і ўказаў на знак Сьвятой Тройцы ў дні Хросту Збаўцы. Прадвесьнік Гасподні нарадзіўся за шэсьць месяцаў да нараджэньня Хрыста, як сын сьвятара Захарыі і праведнай Альжбэты. Вястуном ягонага нараджэньня быў арханёл Габрыэль, які, зьявіўшыся Захарыі ў храме, абвясьціў яму, што ў яго народзіцца сын. У дзікай пустэлі, постам, малітвай і спачуваньнем лёсу Божага народу падрыхтаваўся да вялікай місіі. Ва ўзросьце 30 гадоў выйшаў абвяшчаць пакаяньне. Стаў над Ярданам, каб сваімі навукамі падрыхтаваць народ да прыйсьця Збаўцы. У хуткім часе пасьля Хросту збаўцы быў забіты па загаду Ірада.