БОГАЗЬЯЎЛЕНЬНЕ (Вадохрышча)

Тэафаніяй (Богазьяўленьнем) называецца гэтае сьвята таму, што ў час Хросту Гасподняга аб’явілася ўсяму сьвету Сьвятая Тройца (Мц 3.13-17). Бог Айцец прамовіў з неба пра Сына, Сына хрысьціў Ягоны Прадвесьнік Ян, а Дух Сьвяты зышоў у выглядзе голуба. Ад часоў першахрысьціянскіх гэтае сьвята носіць назву Асьвячэньня і сьвята Сьвятла, бо Бог ёсьць сьвятлом і прыйшоў, каб асьвяціць тых, якія “перабываюць у цемры і ценю сьмерці” (Мц 4.16). Сьвяты Ян Дамаскін казаў, што Хрыстос прыняў Хрост не таму, што патрабаваў ачышчэньня, але каб “у вадзе пахаваць людзкія грахі”, выканаць Закон, паказаць таямніцу Сьвятой Тройцы і нам даць узор і прыклад для нашага Хросту.