Сьвяціцель Сільвестр, папа Рымскі

Сьв. Сільвестр, папа Рымскі, нарадзіўся ў Рыме. Ягонымі бацькамі былі хрысьціяне Руфій і Юста. Бацька ў хуткім часе памёр, але сьвятым клапатліва заапекавалася маці. Настаўнік Сільвестра, сьвятар Квірыній, даў яму выдатнае сапраўды хрысьціянскае выхаваньне. Дасягнуўшы паўналецьця пачаў рупліва дапамагаць бедным і патрабуючым. Часта забясьпечваў ім у сваім доме прытулак і адпачынак. Падчас перасьледу хрысьціянаў не пабаяўся перахаваць у сваім доме біскупа Цімафея, які пражыў у яго каля году і за гэты час шматлікіх навярнуў да Хрыста. Ягонае цела пасьля мучаніцкай сьмерці Сільвестр таемна забраў і з пашанаю пахаваў. Мэр гораду Тарквіній, даведаўшыся пра гэта, загадаў судзіць Сільвестра, прымушаючы яго пры гэтым адрачыся Хрыста. Але сьвяты быў нязломны ў сваім вызнаньні, за што быў увязьнены. Тарквіній у хуткім часе памёр і сьв. Сільвестр быў вызвалены і пачаў яшчэ больш рупліва прапаведваць Хрыста паганам. Папа сьв. Марцэлін высьвяціў яго на дыякана, потым на сьвятара, а пасьля выбраны на біскупа Рыму. Змагаўся за чысьціню веры, сачыў, каб сьвятары рупліва спаўнялі сваю паслугу. Сьвяты папа Сільвестр быў пастырам Царквы больш за дваццаць гадоў. Дажыў да глыбокай старасьці і памёр у 335 годзе.