Нядзеля Тамаша (Антыпасха)

Нядзеля пасьля Вялікадня завецца Антыпасхай, а таксама Нядзеляй Тамаша. У гэты дзень успамінаецца апостал Тамаш, які быў адсутны, калі ўваскрослы Хрыстос явіўся першы раз апосталам, і таму не паверыў, калі яму пра гэта сказалі іншыя. Праз сем дзён Хрыстос зноў явіўся і загадаў Тамашу, які гэтым разам быў прысутны, дакрануцца да Ягоных ранаў. Тамаш, дакрануўшыся, вызнаў Хрыста словамі: "Госпад мой і Бог мой", і такім чынам пакінуў нам сьведчаньне Ягонага ўваскрасеньня. Дарэчы, сярод казаняў сьвятога Кірылы Тураўскага, казань на нядзелю Тамаша ёсьць адной з найлепшых. Вось як яна сканчваецца: "Таму, браты, верым Хрысту Богу нашаму, паклонімся Ўкрыжаванаму, уславім Уваскрослага; дайма веры Таму, хто явіўся апосталам; будзем пяяць хвалу Таму, хто паказаў бок Тамашу; усхвалім Таго, хто прыйшоў ажывіць нас; вызнайма Таго, хто асьвяціў нас; узьвялічым Таго, хто даў нам багацьце дабротаў; пазнайма аднаго ад Тройцы Госпада, і Бога, і Збаўцу нашага Ісуса Хрыста, якому слава разам з Айцом і Ўсесьвятым Духам".