УВАСКРАСЕНЬНЕ ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА (Вялікдзень)

Прыведзеныя вышэй словы Сьвятога Паўла паказваюць, якое вялікае значэньне мае для нас Уваскрасеньне Хрыста. Яно – аснова нашай веры і хрысьціянскай надзеі, зарука нашага збаўленьня і ўваскрасеньня з мёртвых. Хрыстос сваёй крыжовай сьмерцю выкупіў нас з няволі граху. Устаўшы з мёртвых, Ён узьняў з сабою людзкую прыроду, зьяднаную з Боскаю ў Ягонай асобе. Такім чынам, сьмерць была пераможаная назаўсёды. Для выкупленых яна ўжо не канец, пасьля якога няма нічога, але пачатак новага, вечнага жыцьця, авеянага Ласкаю. Уваскрасеньне – гэта абнаўленьне ўсяго сьвету, новы акт тварэньня.
Сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага – Вялікдзень – найвялікшае сьвята ў царкоўным календары. Яно поўнае сьветлай радасьці з прычыны перамогі Жыцьця над сьмерцю. Радасны і ўрачысты настрой узмацняецца прывітальным воклічам "Хрыстос Уваскрос!" і адказам на яго "Сапраўды ўваскрос!", што паўтараецца шматкротна на ўсіх багаслужэньнях і вонку іх сярод вернікаў. У сьвяточных песнасьпевах Хрыстос прадстаўлены як вялікі Правадыр, які вывеў нас з няволі граху і ўзьвёў" ад сьмерці да жыцьця, і ад зямлі да неба", як некалі Майсей вывеў выбраны народ з ягіпскай няволі. Таму, падобна да старазапаветнай падзеі, Вялікдзень называецца "Пасхай", часта з дадаткам "новая", або "Гасподняя".
Увесь велікодны тыдзень лічыцца адным сьвяточным днём. У гэты тыдзень няма посту, нават у сераду і пятніцу, і вернікі спажываюць стравы, якія былі асьвячоныя ў царкве ў сам дзень Вялікадня. Пасьвяцьце Вялікадня трывае сорак дзён аж да сьвята Ўзьнясеньня. У нядзелі гэтага пэрыяду прыгадваюцца падзеі, якія сьведчаць аб уваскрасеньні Хрыста (нядзелі Тамаша і міраносіцаў), або дзе Ягоная боскасьць і сутнасьць Ягонага пасланства праявіліся з асаблівай сілаю (нядзелі Расслабленага, Самаранкі і Сьлепанароджанага).
Паводле а. Аляксандра Надсана