ВЯЛІКАЯ СУБОТА

Субота – апошні дзень тыдня, у які Бог супачыў пасьля шасьці дзён тварэньня. У гэты дзень Госпад Ісус Хрыстос супачыў у нетрах зямлі пасьля таго, як скончыў сваёй сьмерцю на крыжы справу адкупленьня і збаўленьня роду людзкога, як гаворыцца ў адной песьні: "Майсей даў нам таемна вобраз гэтага дня, калі сказаў: I блаславіў Бог дзень сёмы. Гэта ёсьць блаславёная субота, дзень адпачынку, у які адзінародны Сын Божы супачыў пасьля ўсіх працаў сваіх. Памёршы згодна са збавенным провідам, Ён захаваў суботу ў целе сваім. Калі Ён вярнуўся да свайго першага стану, Ён даў нам жыцьцё вечнае, як адзіны добры і Чалавекалюбец". Ютрань Вялікай Суботы пачынаецца "надмагільным плачам", строфы якога чаргуюцца з вершамі 118 псалму. Адразу пасьля плачу тон мяняецца і сьпяваюцца ўваскросныя песьні з нядзельнай ютрані: "Хор анёлаў зьдзівіўся, убачыўшы сярод мёртвых Цябе, Збавіцелю, які зьнішчыў сілу сьмерці, Адама ўзьняў з сабою і ад пекла вызваліў нас". Канон ютрані мае тэмаю зыход Хрыста ў падзем'е і перамогу над сьмерцю.
Вячэрня Вялікай Суботы разам з Літургіяй сьв. Базыля – гэта чаканьне Ўваскрасеньня. Таму яна пачынаецца ўваскроснымі нядзельнымі песьнямі 1 тону: "Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты Адзіны, які даў сьвету ўваскрасеньне". У чытаньнях са Старога Запавету даюцца прыклады Божага збаўленьня (пераход гэбрэяў праз Чырвонае Мора, кніга прарока Ёны, уваскрасеньне памерлых праз прарокаў Ільлю і Елісея, збаўленьне ў Бабілёне трох гэбрэйскіх юнакоў, укінутых у распаленую печ і інш.). На Літургіі замест "Сьвяты Божа…", сьпяваецца "Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся", на ўспамін аб тым, што ў ранейшыя часы на гэтым месцы адбываўся хрост катэхумэнаў, г. зн. тых, што жадалі прыняць веру Хрыстовую і былі да гэтага належна прыгатаваныя. У чытаньні з ліста да Рымлянаў гаворыцца аб значэньні хросту: "Мы пахавалі сябе з Ім (Хрыстом) хрышчэньнем у сьмерць, каб нам увайсьці ў новае жыцьцё – як Хрыстос уваскрос з мёртвых дзякуючы славе Айца". (Рым 6.4): Евангельле ад Мацьвея (28:1-20) гаворыць пра жанчынаў-міраносіцаў ля Хрыстовай магілы, і пра тое, як уваскрослы Хрыстос зьявіўся апосталам у Галілеі.
Замест Хэрувімскай песьні на Літургіі сьпяваецца гімн з Літургіі сьвятога Якуба: "Хай маўчыць усё стварэньне, хай стаіць у страху і хваляваньні, і хай нішто зямное не кранае яго, бо вось Уладар уладароў і Госпад тых, што пануюць, прыходзіць, каб прынесьці ў ахвяру сябе і даць сябе на спажытак верным…"
Падзеі Вялікага Тыдня – найбольш драматычныя і значныя ў гісторыі чалавецтва, бо без Крыжовай сьмерці Хрыста не было б радасьці Ўваскрасеньня. Крыж у Вялікую Пятніцу і пустая магіла ў Вялікдзень непадзельна зьвязаныя паміж сабою ў Божым провідзе збаўленьня і адкупленьня роду людзкога.