ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА

Вялікая Пятніца мае характар, адменны ад усіх іншых дзён. Царква быццам стаіць у маўчаньні і са страхам глядзіць, як Бог памірае за людзей. Літургіі – нават Літургіі раней асьвячаных Дароў – няма, бо ў гэты дзень Хрыстос прыносіцца не пад выглядам хлеба і віна, але ва ўласнай асобе. Дзень пачынаецца службаю "Пакутаў Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста" або ютраньню з дванаццацьцю Евангельскімі чытаньнямі пра пакуты і сьмерць Хрыста. Чытаньні чаргуюцца з асобымі антыфанамі і іншымі сьпевамі, у якіх перагукваюцца пачуцьці ўсхваленьня Госпада, пакланеньня, жалю, і жаху перад учынкам богазабойцаў. Такім чынам Царква крок за крокам перажывае разам з Хрыстом апошнія гадзіны Ягонага жыцьця на зямлі: Апошнюю Вячэру, малітву ў Гетсыманскім садзе, арышт, допыт на двары першасьвятара, суд Пілата, крыжовую дарогу, укрыжаваньне на Галгоце, сьмерць і пахаваньне. Аднак сьмерць Хрыста не была паразаю. У час, калі, здавалася, усё было страчаным і на сьвеце запанавала непраглядная цемра, Ён зьдзейсьніў вялікую перамогу над сьмерцю і дараваў вечнае жыцьцё роду людзкому. Пра гэта гаворыцца ў трапары дня: "Ты выкупіў нас ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю: прыбіты да Крыжа і прабіты кап'ём, Ты, Чалавекалюбча, дараваў людзям несьмяротнасьць. Збавіцелю наш, слава Табе!".
Кананічныя гадзіны ў гэты дзень называюцца Вялікімі або "Царскімі". На іх бываюць чытаньні са Старога і Новага Запаветаў. Адмысловыя "мэсыянскія" псалмы згадваюць пра Мэсыю, "Памазаньніка Божага", – іншасказальна (Пс 68, 69), дзе Ён стоены за вобразам Давіда, або літаральна, як напрыклад у Псалме 2, дзе гаворыцца пра годнасьць Мэсыі. У Псалме 21 з вялікай дакладнасьцю даецца апісаньне Ягоных цярпеньняў.
Вячэрня ў Вялікую Пятніцу сканчаецца "вынасам плашчаніцы", або абрадам пахаваньня Хрыста.