ВЯЛІКАЯ СЕРАДА

У Вялікую сераду ў Евангельлі ад Мацьвея (Мц. 26:6-16), якое чытаецца ўвечары, расказваецца пра грэшную жанчыну, якая выліла каштоўны духмяны алей на галаву Ісуса і абцерла Ягоныя ногі сваімі валасамі. Ёй супрацьстаўляецца страшны ўчынак Юды, які прадаў свайго Настаўніка: "Бессардэчны Юда бачыў, як грэшніца цалавала ногі Твае, і вырашыў пацалункам падступна прадаць Цябе. Яна разьвязала валасы свае, а ён быў зьвязаны злосьцю. Замест духмянага алею ён прынес смурод нянавісьці, бо зайздрасьць сьляпая на дабро". Праз усе тры дні ад панядзелка да серады служыцца Літургія раней асьвячаных дароў.